Пошук

01.09.2021 11:08   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

ПАСЛУГА КАТЭХЕТА Ў КАСЦЁЛЕ — ЗНАК ЯГО МІСІЙНАСЦІ

Слова на распачацце катэхетычнага года 2021–2022

Дарагія святары, кансэкраваныя асобы, катэхеты, браты і сёстры!

1. 10 мая 2021 года Святы Айцец Францішак апублікаваў Апостальскі ліст Antiquum ministerium — «Старажытная паслуга». Гэтым лістом ён афіцыйна ўстанавіў у Каталіцкім Касцёле пастаянную паслугу катэхетаў, якая далучаецца да раней устаноўленых паслугаў лектараў і акалітаў. Новая паслуга — гэта яшчэ адзін знак высокай ацэнкі значэння служэння свецкіх вернікаў у жыцці і місіі Касцёла.

Для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі сімвалічна, што гэтае рашэнне Пантыфіка было прынята ў 30-ю гадавіну адраджэння яго іерархічных структур. Яно арганічна ўпісваецца ў гісторыю адраджэння веры на нашай зямлі прасля трох пакаленняў ганенняў, калі праўдам веры вучылі нашыя бабулі і дзядулі. Яно таксама павінна спрыяць дынамізму працэсу адраджэння і ўмацавання веры, які немагчымы без адпаведнай катэхізацыі.

2. Галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца новая евангелізацыя з мэтай спрыяць новай сустрэчы чалавека з Хрыстом у абставінах наступу секулярызацыі і маральнага рэлятывізму. Новая евангелізацыя таксама паклікана шукаць новых шляхоў, якія вядуць да такой сустрэчы. Шмат раней евангелізаваных народаў з вельмі багатай хрысціянскай традыцыяй сёння жывуць так, як быццам Бога няма. Еўропа, якая вырасла з хрысціянства, з дня на дзень траціць сваю хрысціянскую тоеснасць, становіцца секулярнай і постхрысціянскай.

Катэхізацыя служыць перадачы і ўмацаванню веры, што адбываецца перадусім дзякуючы навучанню праўдам веры. Заданне вельмі актуальнае ў наш час. Усё больш людзей жыве не паводле Божага закону, але паводле грэшных звычак і свецкіх законаў, якія не адпавядаюць Божаму праву. Сучасны чалавек забываецца пра тое, што Божае права дадзена нам не для таго, каб яго змяняць, але каб яно змяняла нас.

Як відаць, евангелізацыя і катэхізацыя цесна звязаныя паміж сабою і адна адну дапаўняюць.

3. Яшчэ зусім нядаўна катэхізацыяй ў нашай краіне занімаліся перадусім святары і кансэкраваныя асобы. Сёння ўсё часцей катэхетамі з’яўляюцца свецкія вернікі.

З мэтай іх падрыхтоўкі ў Беларусі былі заснаваныя і паспяхова дзейнічаюць Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля, Тэалагічны каледж імя святога Казіміра ў Гродне і Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах.

Касцёл у Беларусі, які адраджаецца, удзячны катэхетам — святарам, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам, — на плечы якіх ускладзена вялікая адказнасць за выхаванне дзяцей і моладзі ў хрысціянскай веры. Жыццё паказвае, што ў наш час без свецкіх катэхетаў гэтага задання немагчыма ажыццявіць.

4. Святы Айцец Францішак падкрэслівае, што паслуга катэхета ў Касцёле з’яўляецца старажытнай і сваімі каранямі сягае часоў узнікнення Новага Запавету (пар. АМ 1–2).

Гісторыя хрысціянства з’яўляецца найлепшым сведкам эфектыўнасці катэхетычнай місіі, якую выконвалі не толькі біскупы, прэзбітэры, дыяканы і кансэкраваныя асобы, але і свецкія катехеты (пар. АМ 3). Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што ў наш час, калі памяншаецца колькасць духоўных асоб, паслуга свецкіх катэхетаў атрымлівае яшчэ большае значэнне (пар. АG 17).

5. Езус Хрыстус даверыў свайму Касцёлу аб’яўленую праўду. Увесь Касцёл нясе адказнасць за яе нескажонае захаванне, перадачу і рэалізацыю. Частка гэтай адказнасці ляжыць на свецкіх, бо яны не толькі належаць да Касцёла, але і складаюць яго. Адказнасць свецкіх за дэпазыт веры знаходзім у дакументах Другога Ватыканскага Сабору і паслясаборным вучэнні Касцёла.

Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл вучыць, што «хрысціяне, якія, уключаныя праз хрост у Хрыста, складаюць Божы народ і, з’яўляючыся кожны па-свойму ўдзельнікамі святарскага, прароцкага і каралеўскага абавязку Хрыста, паводле свайго стану выконваюць у Касцёле і свеце місію ўсяго хрысціянскага народа» (LG 31). Гэтая самая канстытуцыя падкрэслівае абавязак свецкіх і акрэслівае агульныя прынцыпы іх удзелу ў прароцкай місіі Хрыста, які надзяле іх пачуццём веры і ласкай слова, каб моц Евангелля заззяла ў штодзённым жыцці (пар. LG 35).

Адным з рэвалюцыйных дакументаў Другога Ватыканскага Сабору з’яўляецца Дэкрэт пра апостальства свецкіх Apostolicam actuositatem, які распачаў новую эру іх служэння ў Касцёле. Яно вынікае з сакрамэнту хросту, дзякуючы якому свецкія становяцца ўдзельнікамі агульнага святарства Езуса Хрыста і павінны прымаць актыўны ўдзел у прафетычнай, або прарочай, місіі Касцёла (пар. AA 6. 10. 28–32).

Мінулыя пяць з паловай паслясаброных дзесяцігоддзяў адзначыліся аднаўленнем практыкі катэхізацыі. Сведчаць аб гэтым шматлікія касцёльныя дакументы. Перадусім гэта Апостальская адгартацыя пра катэхізацыю ў наш час Catechesi tradendæ, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, Агульная катэхетычная інструкцыя, Агульны дырэкторый пра катэхізацыю, Дырэкторый пра катэхізацыю, а таксама шмат нацыянальных катэхізісаў. Яны ставяць на першае месца навучанне і пастаянную фармацыю свецкіх (пар. АМ 4).

Паводле Папы Францішка, у наш час узрастае значэнне свецкіх катэхетаў па прычыне адноўленага ўсведамлення евангелізацыі, а таксама таму, што сучасная культура глабалізацыі мае моцны ўплыў на духоўнае жыццё чалавека і патрабуе ўзаемадзеяння з ім. Пры гэтым вернасць мінуламу і адказнасць за сучаснасць з’яўляюцца неабходнымі ўмовамі для выканання Касцёлам яго місіі ў свеце (пар. АМ 5). Гэта азначае, што ў практыцы катэхезы нельга адкідаць былыя і выпрабаваныя гісторыяй метады і выкарыстоўваць толькі новыя. Словам, неабходна прытрымлівацца прынцыпу vetera et nova — старое і новае.

Вялікай дапамогай і надзеяй у гэтай справе з’яўляецца апостальства свецкіх, якія маюць значна больш магчымасцяў дайсці туды, куды не можа дайсці святар ці кансэкраваная асоба. Нездарма Другі Ватыканскі Сабор падкрэслівае, што «свецкія адмыслова пакліканы да таго, каб зрабіць Касцёл прысутным і дзейсным у такіх месцах і такіх абставінах, дзе толькі з іх дапамогай ён можа стаць соллю зямлі» (LG 31). Таму неабходна «падтрымаць іх у гэтым працэсе і ўзбагаціць жыццё хрысціянскай супольнасці шляхам прызнання паслугі свецкіх, здольных унесці свой уклад у перамену грамадства праз пранікненне „хрысціянскіх каштоўнасцяў у грамадскі, палітычны і эканамічны свет“ (EG 102)» (АМ 5).

6. Папа Францішак вучыць, што катэхеты пакліканы для пастырскага служэння перадачы веры па меры яе развіцця на розных этапах: ад першага абвяшчэння, праз навучанне, якое дапамагае зразумець новае жыццё ў Хрысце і рыхтуе да сакрамэнтаў хрысціянскага ўтаямнічэння, аж да пастаяннай фармацыі. У той жа час катэхет павінен быць сведкам веры, настаўнікам і містагогам, сябрам і педагогам, які навучае ад імя Касцёла (пар. АМ 6).

Таму паслуга катэхета павінна ўдзяляцца людзям моцнай веры і чалавечай сталасці, якія маюць адпаведную біблійную, тэалагічную, пастырскую і педагагічную фармацыю, з’яўляюцца стараннымі прапаведнікамі праўды веры і маюць досвед катэхізацыі (пар. CD 14). Важна, каб яны былі вернымі супрацоўнікамі прэзбітэраў і дыяканаў, гатовымі выконваць сваё служэнне там, дзе гэта неабходна, і каб былі натхнёныя сапраўднай апостальскай руплівасцю (пар. АМ 6).

Такім чынам у служэнні катэхета самае галоўнае — гэта катэхізаваць згодна з евангельскай праўдай і вучэннем Касцёла, а таксама сваім сведчаннем і прыкладам. Катэхетамі павінны станавіцца не выпадковыя людзі, якіх пробашчу ці кансэкраванай асобе ўдалося «завербаваць», але тыя, хто сапраўды годны гэтай касцёльнай паслугі.

7. Трэба адзначыць, што ўстанаўленне паслугі катэхетаў — гэта ясны знак таго, што служэнне свецкіх у Касцёле з’яўляецца чымсьці вельмі важным і актуальным. Паслуга катэхетаў павялічвае ўсведамленне асобы і місіі свецкага чалавека ў жыцці і дзейнасці Касцёла. Менавіта свецкія катэхеты разам са святарамі і кансэкраванымі асобамі павінны браць удзел у перадачы веры і вучыць ад імя Касцёла.

Гэтае своечасовае і наспелае рашэнне Святога Айца Францішка падкрэслівае місійны акцэнт яго пантыфікату. Яно паказвае, што, з аднаго боку, абвяшчэнне Евангелля павінна быць вынікам адкрытасці Духу Святому і Яго дзеянню, а з іншага — быць структураваным так, каб гэта было здаровае вучэнне, а не толькі чалавечыя ідэі.

Касцёл па сваёй прыродзе місійны. За развіццё місій адказныя не толькі духоўныя асобы, але і свецкія вернікі. Словы Езуса перад Яго ўнебаўшэсцем, з якімі Ён звярнуўся да апосталаў: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы <…> Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28, 19–20), — адносяцца не толькі да духоўных асобаў, але і да ўсіх хрысціянаў. Таму ўвядзенне пастаяннай паслугі катэхетаў толькі падкрэслівае місійнасць і дынамізм Касцёла як у абвяшэнні вечна жывога і дзейснага Божага слова (пар. Гбр 4, 12), так і ў навучанні праўдам веры.

8. Заахвочваю неабыякавых да распаўсюджвання веры і яе ўмацавання, і такім чынам да лёсу Касцёла, свецкіх вернікаў, якія адчуваюць пакліканне да сужэння ў якасці катэхета, выкарыстаць дадзеныя Касцёлам магчымасці падрыхтоўкі да такога служэння ў вышэйзгаданыых касцёльных навучальных установах.

На пачатку новага катэхетычнага год даручаю свецкіх катэхетаў Марыі — Маці евангелізацыі (пар. EG 284). Жадаю, каб адпаведна і згодна з вучэнннем Касцёла выконвалі сваё служэнне і падрыхтаваліся да прыняцця новаўстаноўленай Папам Францішкам паслугі катэхета.

Усіх іх на новы шлях сведчання і перадачы праўдаў веры, а таксама клопату аб далейшым развіцці Касцёла і рэалізацыі яго місійнасці ад усяго сэрца благаслаўляю.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Старшыня камісіі па справах агульнага пастырства
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 Мінск, 1 верасня 2021 года, Дзень ведаў 

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium (LG).
  2. Другі Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра апостальства свецкіх Apostolicam actuositatem (АА).
  3. Другі Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра пастырскае служэнне біскупаў у Касцёле Christus Dominus (CD).
  4. Другі Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра місійную дзейнасць Касцёла Ad gentes (AG).
  5. Францішак. Энцыкліка Evangelii gaudium (EG).
  6. Францішак. Апостальскі ліст Antiquum ministerium (АМ).

 

Абноўлена 01.09.2021 11:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця