Пошук

03.06.2022 11:16   Тэкст: Алена Кахноўская, Вольга Коршун, Вераніка Раманенкава / Фота: Аляксандр Алісейка / Catholic.by

1 чэрвеня ў парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску (Новая Баравая) адбылася святая Імша і святочная цырымонія з нагоды заканчэння навучальнага і катэхетычнага года.

Узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевiч, які павіншаваў дзяцей і іх бацькоў з паспяховым заканчэннем года. У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх засяродзіў увагу на важнасці рэлігійнага выхавання, духоўнай моцы і хрысціянскай годнасці кожнага з нас.

Пасля Імшы адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў і ўзнагарод тым, хто на працягу года наведваў заняткі па катэхезе пры парафіі і актыўна ўдзельнічаў у парафіяльным жыцці.

На пачатку цырымоніі выступіў дзіцячы анасамбль «Transitus», пасля чаго пробашч парафіі брат Іван Садоўскі OFMCap прадставіў справаздачу аб жыцці парафіяльнай супольнасці, узгадаўшы ўсе важныя за мінулы катэхетычны год падзеі: адпусты, набажэнствы, конкурсы, фестывалі, канцэрты, майстар-класы, падарожжы, адпачынкі, сумесную працу, клопат пра парафію і літургію. Кожны з удзельнікаў катэхетычных заняткаў атрымаў пасведчанне аб заканчэнні навучальнага года і бласлаўленне ад арцыбіскупа.

Акрамя таго, дыпломы і падзякі атрымалі ўдзельнікі парафіяльнага хору «Transitus» за спевы падчас набажэнстваў і святых Імшаў, а таксама за ўдзел у шматлікіх фестывалях і конкурсах. Бласлаўленне арцыбіскупа і падзякі атрымалі вернікі, якія плённай працай дбаюць пра веліч касцёла святога Францішка.

Дыпломам падзякі быў узнагароджаны і сам арцыбіскуп Кандрусевіч за духоўную апеку над парафіяй і пастаянную малітоўную падтрымку.

Вельмі эмацыйна весела і радасна скончылася святкаванне катэхетычнага 2021–2022 года. Моладзь парафіі падрыхтавала шмат забаваў: скокі, танцы, конкурсы. Часам здавалася, што знаходзішся ў нейкім гукавым тлуме ад „акампанементу“ дзіцячай вяселосці: малыя бегалі, скакалі, падалі і падымаліся, і ў той момант узнікала сапраўдная ўпэўненасць у тым, што парафія жывая: можна не хвалявацца за яе будучыню.

Маштабнасць планаў на цудоўны вечар крыху сапсавала дажджлівае надвор’е, але ў сценах дома братоў капуцынаў знайшлося месца і для забавы, і для танцаў, і для пачастунку на кожны смак, і для шчырых сяброўскіх размоў.

 

Абноўлена 03.06.2022 11:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.