Пошук

12.05.2021 13:32   Catholic.by
Фота: nd.nl

Antiquum ministerium — назва апублікаванага 11 мая дакумента motu proprio, з якім Папа Францішак устанавіў паслугу катэхета, вызначаючы яе як неадкладную неабходнасць евангелізацыі ў сучасным свеце.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сутыкаючыся з «глабалізаванай культурай», «неабходна прызнаць прысутнасць свецкіх вернікаў, якія ў сілу свайго хросту адчуваюць пакліканне да супрацоўніцтва ў служэнні катэхізацыі», — адзначыў Святы Айцец. Ён таксама падкрэсліў важнасць «сапраўднай сустрэчы з маладым пакаленнем», а таксама «неабходнасць творчай метадалогіі і інструментаў, якія робяць абвяшчэнне Евангелля адпаведным місіянерскаму пераўтварэнню ў Касцёле».

Новае служэнне мае вельмі старажытнае паходжанне, пра што сведчыць ужо сама назва дакументу: аб ім гаворыцца ўжо ў Евангеллі паводле святога Лукі і ў лістах апостала Паўла да Карынцянаў і Галатаў.

З часоў Другога Ватыканскага Сабора расце ўсведамленне таго факту, што «задача катэхета надзвычай важная» і неабходная для «развіцця хрысціянскай супольнасці»: настолькі, што нават сёння многія «здольныя і настойлівыя катэхеты» выконваюць «незаменную місію ў перадачы і паглыбленні веры», даносячы да свету «прыгажосць, дабро і праўду хрысціянскай веры».

Сведка веры, настаўнік і спадарожнік, катэхет, — патлумачыў Папа, — пакліканы да душпастырскага служэння перадачы веры ад першага абвяшчэння да падрыхтоўкі да сакрамэнтаў хрысціянскай ініцыяцыі, ажно да пастаяннай фармацыі. Служэнне катэхета ў свеце «робіць большы акцэнт на місіянерскіх абавязацельствах, характэрных для кожнага ахрышчанага», і павінна рэалізавацца «ў цалкам свецкай форме, без аніякай клерыкалізацыі».

Служэнне катэхета таксама мае моцную каштоўнасць з пункту гледжання паклікання, таму патрабуе «належнай праніклівасці з боку біскупа» і спецыяльнага абраду ўстанаўлення, які Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў апублікуе ў бліжэйшы час.

У той жа час, — падкрэсліў Папа Францішак, — катэхеты павінны быць мужчынамі і жанчынамі «глыбокай веры і чалавечай сталасці»; актыўна ўдзельнічаць у жыцці хрысціянскай супольнасці; адзначацца здольнасцю «прыняцця, шчодрасці і жыцця ў братэрскіх зносінах»; быць падрыхтаванымі з біблейскага, тэалагічнага, душпастырскага і педагагічнага пункту гледжання; мець папярэдні досвед катэхізацыі; добрасумленна супрацоўнічаць са святарамі і дыяканамі, а таксама «жыць сапраўдным апостальскім энтузіязмам».

У сваім Апостальскім лісце пастыр Паўсюднага Касцёла запрасіў Канферэнцыі Біскупаў «зрабіць служэнне катэхетаў эфектыўным», усталяваўшы працэс фарміравання і нарматыўныя крытэрыі, неабходныя для кандыдатаў да прыняцця гэтай новай у Касцёле паслугі.

Паслуга (лац. ministerium) — гэта служэнне, даручанае біскупам верніку, з мэтай выконваць пэўныя задачы ў Касцёле; яна адрозніваецца ад сакрамэнтальнага пасвячэння. Абрад увядзення ў паслугу называецца ўстанаўленнем (лац. institutio). Да сённяшняга дня ў Каталіцкім Касцёле існавала дзве паслугі: лектарат і акалітат.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця