10 мая 2021 года, ва ўспамін св. Яна Авільскага, прэзбітэра i доктара Касцёла, Найвышэйшы Пантыфік Францішак падпісаў Апостальскі ліст Antiquum ministerium, у якім ён устанавіў паслугу свецкага катэхета.
«Добра, — піша Святы Айцец — калі да ўстанаўленння паслугі катэхета пакліканы мужчыны і жанчыны з глыбокай верай і чалавечай сталасцю, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці хрысціянскай супольнасці, якія здольныя прымаць іншых, быць шчодрымі і жыць у братэрскай еднасці, якія маюць адпаведную біблійную, тэалагічную, пастырскую і педагагічную фармацыю, якія з’яўляюцца стараннымі прапаведнікамі праўды веры і маюць ужо папярэдні досвед катэхізацыі (пар. Другі Ват. Сабор, Дэкр. Christus Dominus, 14; ККП, кан. 231 §1; ККУК, кан. 409 §1).
Вельмі важна, каб яны былі вернымі супрацоўнікамі прэзбітэраў і дыяканаў, гатовымі выконваць сваё служэнне там, дзе гэта неабходна, каб былі натхнёныя сапраўднай апостальскай руплівасцю».
Папа Францішак заклікае «Канферэнцыі Біскупаў зрабіць паслугу катэхета эфектыўнай, вызначыўшы неабходны працэс фармацыі і нарматыўныя крытэрыі, патрэбныя для атрымання гэтай паслугі, і распрацаваўшы найбольш прыдатныя формы служэння, якое гэтыя мужчыны і жанчыны будуць пакліканы выконваць у адпаведнасці са зместам гэтага Апостальскага ліста».
Абрад устанаўлення паслугі свецкага катэхета ў найбліжэйшы час прадставіць Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.