Увечары 5 жніўня на заканчэнне адпустовых урачыстасцяў у гонар Маці Божай Кангрэгацкай, Апякункі студэнтаў і Заступніцы Гродна, цэлебрацыю святой Імшы ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Як паведамляе Grodnensis.by, на Эўхарыстыі сабраліся жыхары горада, каб на ўзор папярэдніх пакаленняў даручыць Богу ўсе свае штодзённыя клопаты дзякуючы дапамозе нябеснай Заступніцы.
У катэдральнай базыліцы, якая раней належала айцам езуітам, перад славутым ласкамі абразом Маці Божай Кангрэгацкай прысутныя супольна дзякавалі Богу за дар Панны Марыі.
На пачатку літургіі ўсіх прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што славуты абраз Маці Божай прыцягвае шматлікіх вернікаў не толькі ў дзень адпусту, але кожны дзень да яго прыходзіць шмат людзей разнага ўзросту, каб з дзіцячым даверам прадставіць Маці Божай патрэбы сэрца, радасці і турботы.
Вітаючы арцыбіскупа Кандрусевіча, пастыр Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што заслужаны іерарх прыбывае ў свой горад, з якім так моцна звязана яго жыццё, і да людзей, якія яго вельмі любяць, шануюць і ўдзячныя за яго служэнне.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп напачатку нагадаў, што гродзенскі абраз — гэта адна з выяваў Маці Божай Снежнай, ікона якой ушаноўваецца ў рымскай базыліцы Святой Марыі Вялікай пад тытулам Salus populi romani — Збаўленне рымскага народа. У дзень, калі ў Касцёле адзначаецца ўспамін пасвячэння галоўнай марыйнай базылікі Вечнага горада, іерарх нагадаў, што Папа Францішак перад кожным апостальскім падарожжам і пасля яго моліцца ў гэтай святыні.
«Сёння мы — зямныя пілігрымы да Божага Валадарства — збіраемся ля падножжа гродзенскай копіі іконы Salus populi romani, каб дзякаваць Марыі як пасрэдніцы ўсіх Божых ласкаў за атрыманыя ад Яго дары. Збіраемся, каб перапрашаць Бога за нашую нявернасць яму.
Збіраемся, каб у гэты неспакойны, напоўнены завірухамі і небяспечнымі выклікамі час прасіць Яе апекі для нас і нашай Бацькаўшчыны», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Гаворачы пра шматлікія праблемы і крызісы, з якімі сёння сутыкаецца ўвесь свет і наша краіна, арцыбіскуп Кандрусевіч запрасіў вернікаў шукаць адказы на пытанні: «Чаму мы, народ з багатай і больш як тысячагадовай хрысціянскай культурай, не можам мірна вырашаць свае надзённыя праблемы? Чаму ў нас адсутнічае дух пакаяння і прабачэння? Чаму мы не ўслухоўваемся ў голас Папы Францішка, які ў апошняй энцыкліцы Fratell tutti — „Усе браты“ заклікае быць братамі і сёстрамі і будаваць культуру еднасці?» Каб адказаць на гэтыя пытанні, арцыпастыр, правёўшы паралельт з сонечнай сістэмай, прапанаваў наступнае:
«У гэты складаны і лёсавызначальны час нашай гісторыі ў цэнтры нашага жыцця мы павінны паставіць не свае асабістыя амбіцыі, не імкненне да ўлады, матэрыяльных багаццяў, задавальненняў і таму падобнага, але сонца Езуса Хрыста, якое ніколі не заходзіць.
Толькі Ён пасылае нам промні святла любові і цяпла Божай ласкі. Толькі Ён можа дапамгчы вырашыць нашыя праблемы», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Сваю гамілію іерарх завяршыў кароткай малітвай: «У гэты лёсавызначальны час нашай гісторыі дапамажы нам, Марыя — Кангрэгацкая Пані, якая валадарыш у горадзе над Нёманам, — зрабіць „перазагрузку“ нашага жыцця, каб Бог, а не злы дух быў у яго цэнтры.
Дапамажы прыняць заўсёды атуальнае і дзейснае слова Твайго Сына. Яно з’яўляецца самай дасканалай канстытуцыяй, каб мы, жывучы паводле яе, будавалі новую, напоўненую ўзаемнай любоўю і пашанай мірную і шчаслівую Беларусь».