16 ліпеня Касцёл адзначае ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль, якую традыцыйна называюць таксама Маці Божай Шкаплернай.
Гэты ўспамін нагадвае пра аб’яўленні на гары Кармэль у Палестыне ў часы старазапаветнага прарока Іллі, якія традыцыя звязвае з Маці Божай (гл. 1 Вал 17, 1–2; 2 Вал 2, 25).
На гэтай гары ўжо ў хрысціянскія часы пасяліліся манахі, якія вялі пустэльніцкае і сузіральнае жыццё і лічыліся духоўнымі нашчадкамі прарока Іллі.
У ХІІ стагоддзі ў выніку пераследу з боку туркаў манахі былі вымушаны пакінуць Палестыну і перабрацца ў Еўропу, дзе іх чакаў не самы цёплы прыём. Аднак Святы Пасад, высока цэнячы аскезу манахаў і іх суровае жыццё, даў ім прывілей на заснаванне новых кляштараў.
Асабліва плённа ордэн развіваўся ў Англіі, чаму паспрыяла, між іншым, дзейнасць вялікага шанавальніка Марыі святога Сымона Стока, шостага Генеральнага настаяцеля ордэна кармэлітаў. Ён не раз прасіў у Марыі паратунку для сваёй манаскай супольнасці. Падчас адной з малітваў у Кэмбрыджы ў ноч з 15 на 16 ліпеня 1251 года яму з’явілася Найсвяцейшая Багародзіца ў атачэнні анёлаў. Яна працягнула настаяцелю карычневую шату са словамі:
«Прымі, сыне, шкаплер твайго ордэна як знак майго братэрства, прывілей для цябе і ўсіх кармэлітаў. Хто ў ім памрэ, не трапіць у агонь пякельны. Гэта знак збаўлення, паратунак у небяспецы, запавет міру і вечнага абавязацельства».
Сымон Сток з радасцю прыняў гэты дар і наказаў распаўсюдзіць яго ва ўсёй манаскай супольнасці. З часам шкаплер набыў папулярнасць у свеце.
У XIV стагоддзі Марыя аб’явілася Папу Яну ХХІІ, аддаючы яму ў апеку «Яе ордэн» кармэлітаў. Пры гэтым Яна абяцала шчодрыя ласкі і збаўленне кансэкраваным асобам з ордэна, якія верна выконваюць манаскія абяцанні. Маці Божая абяцала таксама ўсім, хто будзе насіць шкаплер, што выбавіць іх з чыстца ў першую суботу пасля іх смерці. Нямала папаў станоўча выказваліся пра гэтую форму пашаны да Багародзіцы і надалі шэраг адпустаў за практыкаванне шкаплернай пабожнасці. Усяго шкаплеру было прысвечана каля 40 энцыклік і іншых папскіх дакументаў.
Вялікай папулярнасці шкаплера спрыяла меркаванне пра тое, што кожнага, хто належыць да шкаплернага брацтва, Марыя збавіць з полымя чыстца ў першую суботу пасля смерці.
Гэтую веру падмацавалі папы найвышэйшым аўтарытэтам Касцёла. Першым гэта сцвердзіў Папа Павел V 29 чэрвеня 1609 года, а Папа Бэнэдыкт XIV пацвердзіў. Падобным чынам выказваўся Папа Пій ХІІ у лісце да настаяцеляў Кармэля з нагоды 700-годдзя шкаплера.
Шкаплернае набажэнства калісьці было адной з найбольш папулярных форм ушанавання Маці Божай. Таксама і ў наш час шмат дзе можна ўбачыць абразы Маці Божай Шкаплернай, прысвечаныя Ёй алтары і касцёлы.
Адным з найбольш старадаўніх касцёлаў пад такім тытулам у Беларусі можна лічыць мядзельскі касцёл Маці Божай Шкаплернай, пры якім з 1754 года нясуць служэнне манахі з ордэна кармэлітаў босых.
Найбольш вядомы ў нашай краіне цудадзейны абраз Маці Божай з Гары Кармэль знаходзіцца ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Гудагаі, дзе адпустовыя ўрачыстасці сёлета пройдуць 17–18 ліпеня. Падчас адпустовых урачыстасцяў у Гудагаі (і не толькі) вялікая колькасць людзей па-ранейшаму далучаецца да шкаплернага брацтва.
15 ліпеня 2007 года кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў гэты абраз папскімі каронамі.
Слова «шкаплер» паходзіць ад лацінскага scapulæ, што азначае «плечы». Першапачаткова так называлася частка манаскага адзення, накшталт працоўнага фартука, які выкарыстоўвалі падчас працы, каб не забрудзіцца. З цягам часу гэтая частка манаскага строю набыла асаблівую сувязь з Паннай Марыяй.
Калі манаскі шкаплер — гэта вялікі кавалак палатна, які пакрывае тулава спераду і ззаду, то большасць вернікаў носяць яго «скарочаную версію»: два кавалачкі ткніны на шнюрочку.
Акрамя таго, замест шкаплера можна насіць медалік Маці Божай Шкаплернай, з якім Папа Пій Х у 1910 годзе звязаў тыя самыя прывілеі.
Свята Маці Божай з Гары Кармэль кармэліты пачалі адзначаць з XIV стагоддзя. Папа Бэнэдыкт ХІІІ (†1730) зацвердзіў яго для ўсяго Касцёла. Часта ў народзе яго называюць святам Маці Божай Шкаплернай.
У Касцёле існуюць розныя віды шкаплераў, але найбольш вядомым і папулярным з’яўляецца менавіта кармэліцкі.
Традыцыйна на ім на адным кавалку тканіны змешчана выява Маці Божай Шкаплернай, на другім — Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Носяць яго такім чынам, што адзін кавалак ляжыць на грудзях, а другі — на плячах. Шкаплер благаслаўляецца ў спецыяльным абрадзе.
Шкаплер, які з’яўляецца знакам Найсвяцейшай Панны Марыі, накладае на таго, хто яго носіць, абавязак жыць па-хрысціянску. Акрамя таго, нашэнне шкаплеру звязана з асаблівым ушанаванем Багародзіцы і штодзённым чытаннем малітвы «Тваёй абароне аддаемся».