Пошук

02.04.2021 11:08   Фота: Вольга Гузлова / Catholic.by

1 красавіка, у Вялікі чацвер, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у магілёўскай катэдры цэлебрацыю святой Імшы вячэры Пана, якою распачаўся Пасхальны Трыдуум.

Пасхальны Трыдуум — цэнтральны перыяд літургічнага года, бо нагадвае пра «фундаментальныя падзеі гісторыі збаўлення і дае магчымасць іх перажыць» у літургічных цэлебрацыях. Арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваўся на Трыдуум у Магілёў, каб, па яго словах, «аддаць доўг» і сустрэць Вялікдзень у цэнтры калісьці самай вялікай у свеце Магілёўскай Мітраполіі.

«Па-ангельску Вялікі чацвер называецца Maundy Thursday. Слова Maundy паходзіць ад лацінскага выразу dies mandatum, што азначае „дзень новай запаведзі“ — любіць бліжняга, як нас Езус палюбіў», — падкрэсліў у гаміліі іерарх.

«Падчас свайго зямнога жыцця Езус выказваў любоў да бліжняга не толькі словамі, але і чынам. У вячэрніку Ён не проста заклікаў любіць адзін аднаго, але стаў на калені і ўмыў ногі апосталам», — дадаў арцыбіскуп.

«Гэты абрад сімвалізуе любоў і прабачэнне паміж сужэнцамі, якія спрачаюцца; бацькамі і дзецьмі, якія перажываюць канфлікт пакаленняў; суседзямі, якія маюць прэтэнзіі адзін да аднаго; бакамі розных грамадскіх, палітычных, культурных, эканамічных, рэлігійных і іншых канфліктаў, якія раздзіраюць свет, а таксама і нашу краіну»,— сцвердзіў арцыпастыр.

«Паслухмяныя закліку Хрыста, мы павінны духоўна паглядзець на свае ногі і ногі бліжняга. У біблійныя часы ногі лічыліся найбольш нячыстай часткай цела чалавека. Таму абмыццё ног гасцям, якое практыкавалася тады, было знакам пашаны гаспадара да сваіх гасцей.

Сёння Езус чакае нашага дазволу, каб увайсці ў самыя нячыстыя і балючыя сферы нашага быцця і ачысціць іх. Мы, у сваю чаргу, павінны прабачыць нашым вінаватым і прасіць прабачэння ў тых, перад кім вінаватыя. Таму ў гэты святы вечар станем Езусамі для нашых непрыяцыеляў і абмыем ім ногі»,— заклікаў арцыбіскуп Тадэвуш.

Як нагадаў іерарх, у Вялікі чацвер Касцёл успамінае ўстанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства: «Езус паабяцаў людзям даць хлеб вечнага жыцця, і даў яго. Устанаўліваючы сакрамэнт Эўхарыстыі Ён бяскроўным чынам апярэдзіў падзеі Вялікай пятніцы, калі на Галгофе аддаў сваё жыццё за збаўленне свету».

Дзякуючы сакрамэнту святарства, як дадаў арцыбіскуп, «цуд Эўхарыстыі паўтараецца на алтарах свету».

«Слова „Эўхарыстыя“ паходзіць з грэчаскай мовы і азначае „ўдзячнасць“. Мы павінны быць удзячныя Езусу за тое, што Ён захацеў застацца з намі ў гэтым сакрамэнце любові», — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і заклікаў карыстацца дарамі, якія можна атрымаць ад Езуса Эўхарыстычнага, каб быць здольнымі «прабачыць і прасіць прабачэння, што так патрэбна нашаму грамадству».

 

Абноўлена 02.04.2021 12:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця