Урачыстыя цэлебрацыі святога Пасхальнага Трыдуума ў старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Сваю прысутнасць на святах у Магілёве іаерарх патлумачыў Catholic.by:
«На Пасхальны Трыдуум еду ў Магілёў.
Усё маё біскупскае служэнне прайшло на тэрыторыі былой Магілёўскай Мітраполіі ў Беларусі і Расіі, а я ані разу яшчэ не служыў на Пасху ў Магілёве. Хачу аддаць свой доўг», — з усмешкай сказаў арцыпастыр.
Беларуская Мітраполія, пазней перайменаваная ў Магілёўскую, была створана ў 1772 годзе і калісьці ахоплівала католікаў на тэрыторыі ўсёй вялізнай Расійскай Імперыі. Такім чынам была самай вялікай за ўсю гісторыю Касцёла каталіцкай дыяцэзіяй у свеце. У наступным годзе будзе ўрачыста адзначацца юбілей 250-годдзя стварэння Беларускай Мітраполіі — «прабабулі» сучасных структур Касцёла ў нашай краіне.
Арцыбіскуп Кандрусевіч, які стаяў ля вытокаў адраджэння Касцёла ў былым Савецкім Саюзе, стаў першым біскупам, прызначаным на гэтую кафедру пасля доўгага перыяду бязбожнага савецкага рэжыму і змагання з верай і рэлігіяй.
Сёлета, калі Касцёл у Беларусі адзначае 30-годдзе адраджэння сваіх структур, іерарх па-ранейшаму поўны сіл і энергіі ў руплівым служэнні Богу і людзям.
Вернікі горада на Дняпры на чале з Біскупскім вікарыем для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB з вялікай радасцю чакаюць сустрэчы з жывой легендай Касцёла ў Беларусі, каб разам з ім перажыць галоўныя падзеі збаўлення ў літургічных цэлебрацыях святога Пасхальнага Трыдуума.