12 красавіка, у Вялікі аўторак, доме Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Гродне з нагоды набліжэння Велікодных святаў быў арганізаваны абед для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства, пасілак з якімі падзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Як адзначае Grodnensis.by, такі абед, які арганізуецца пры падтрымцы Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Гродзенскай дыяцэзіі, стаў ужо традыцыяй у горадзе на Нёмане. Сёлета ў ім удзельнічала больш за 100 чалавек.
Прысутных, якія на ўласным досведзе знаёмыя з убоствам і цярпеннем, частавалі супам, печанымі каўбаскамі з рысам і салёнымі агуркамі, а на дэсерт — велікодным кулічом.
Кожны атрымаў таксама фарбаванае яйка — пасхальны сімвал новага жыцця. Дзяленне велікодным яйкам мае братэрскі характар і служыць умацаванню сувязяў.
Перад спажываннем святочнага пасілку ўсіх прысутных прывітаў дырэктар Caritas Гродна ксёндз канонік Раман Рачко, пасля чаго біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў ежу.
Звяртаючыся да прысутных, іерарх пажадаў ім, нягледзячы на разнастайныя цяжкасці, з якімі яны сустракаюцца штодзень, мець непахісную надзею. Як заўважыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, гэтую надзею прыносіць свету і людзям Уваскрослы Езус Хрыстус, які з любові да чалавека аддае сваё жыццё.
Біскуп пажадаў прысутным вясёлых святаў Уваскрасення Пана, запэўніўшы, што Касцёл пра іх заўсёды памятае і па меры сваіх магчымасцяў будзе іх падтрымліваць.
На тварах сабраных была відаць радасць; яны цешыліся, як дзеці, атрымліваючы з рук сясцёр назарэтанак велікодныя яйкі.
З іх вуснаў гучалі цёплыя словы ўдзячнасці за ўсё, што робіць для іх кожны дзень Гродзенская дыяцэзія.
Хоць часта яны адчуваюць холад, адсутнасць нармальных умоваў для жыцця, голад і нястачу, у гэты дзень яны змаглі аддзячыць цеплынёй сваіх сэрцаў.
Удзельнікі сустрэчы ў гасцінным доме сясцёр назарэтанак разам маліліся аб тым, каб як мага менш людзей у Гродне, у нашай краіне і ва ўсім свеце жыло ў нечалавечых умовах.