Пошук

30.03.2021 09:42   Тэкст: Вераніка Раманенкава / Фота: Аляксандр Алісейка / Catholic.by

25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец наведаў парафію святога Францішка ў вёсцы Копішча Мінскага раёна (мікрараён Новая Баравая).

Сціплы, з добрым сэрцам і адкрытай душой пастыр прамовіў пранікнёныя словы да вернікаў. Біскуп Казімір падкрэсліў значнасць рэлігійнага і культурнага выхавання падрастаючага пакалення. Ён звярнуў увагу на тое, што чалавек без веры ў Бога, без шчырага практыкавання хрысціянскіх цнот і без бацькоўскай цеплыні не можа дасягнуць поўнай унутранай гармоніі.

Нездарма з вуснаў біскупа Казіміра прагучаў менавіта такі зварот: парафія святога Францішка яшчэ вельмі маладая, знаходзіцца на этапе фармавання. Большая частка вернікаў супольнасці — гэта маладыя сем’і, дзеці, моладзь.

Разам з тым біскуп Казімір заахвоціў парафіянаў працягваць актыўную працу па будаўніцтву непаўторнай прыгажосці Касцёла. З пачуццём эстэтычнага густу і веданнем традыцый беларускага дойлідства будуецца святыня. Стваральнікам архітэктурнага твора мастацтва з’яўляецца мастак Валяр’ян Янушкевіч, а рэалізатарам і ідэйным каардынатарам праекта выступаюць браты капуцыны.

Узвядзенне святыні пачалося ў 2014 годзе, калі быў закладзены першы вуглавы камень святыні.

Камень як сімвал скалы, на якой будуецца наша вера, стаў прыярытэтным вектарам у будаўніцтве і аздабленні касцёла.

Мураваныя сцены святыні выкананыя ў традыцыйнай стылістыцы старажытнага беларускага дойлідства, якая аб’яднала ў сабе полацкую  і гродзенскую школы будаўніцтва ХІІ стагоддзя. Тагачасныя будаўнічыя традыцыі ўяўлялі сабой кладку з чырвонай плінфы (цэглы) і тоўстага слою белай цамянкі, часта да чырвона-белай мураванкі дадаваліся часткі камянёў-валуноў. Архітэктурны комплекс парафіі святога Францішка выглядае менавіта так: чырвона-белая мураванка з інкрустацыяй палявога беларускага каменю на сценах.

Фота Віталія Палінеўскага

Унутранае аздабленне святыні таксама аб’яднанае ідэяй захаваць жывы беларускі подых. Асноўны каркас дэкаравання Касцёла — гэта каменныя пліты з беларускіх валуноў, па-майстэрску адшліфаваныя спецыялістамі. Неверагодна, але на кожны з алтароў было выкарыстана па адным валуну, пры гэтым вышыня галоўнага алтара складае дзевяць з паловай метраў.

Колеравая палітра камянёў падабраная вельмі граматна з улікам іх месца і функцыі.

Галоўны алтар перапаўняецца лінейнымі пералівамі фактурных сугуччаў каменя, кладучы асноўны акцэнт на цэнтральную частку святыні; бакавыя алтары маюць святлейшы колер і зусім іншую геаметрычную афарбоўку, тым самым праецыруючы ўвагу на іншыя падзеі сакральнай прасторы: ушанаванне святых. Асаблівую атмасферу ствараюць абрамленні для стацый Крыжовага шляху: кожнае абрамленне выканана ў розным колеры каменя і перадае эмоцыі пакутаў Хрыста ад прысуду да смерці, пераходзячы ад светлых тонаў да аксамітна-чорных.

Камяні-валуны захоўваюць у сабе старажытнейшую гісторыю, часавая адлегласць якой вымяраецца пятнаццацю тысячамі гадоў. Сучасны чалавек успрымае валун як знак павагі да мінулага, як традыцыйную адметнасць беларускай архаікі, як сімвал моцнага падмурка, на якім уздымаецца ўвыш будынак святыні і будынак нашай веры, заснаванай на фундаменце апосталаў і прарокаў, дзе краевугольным каменем з’яўляецца сам Езус Хрыстус.

Абноўлена 21.04.2023 10:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа