Пошук

10.03.2021 16:30   Catholic.by

Да 8 снежня ў паўсюдным Касцёле працягваецца абвешчаны Папам Францішкам адмысловы Год святога Юзафа. 9 сакавіка Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец абвясціў Дэкрэт, якім устанаўлівае адпусты з гэтай нагоды.

БІСКУП КАЗІМІР ВЕЛІКАСЕЛЕЦ ОР

Мінск, 9 сакавіка 2021 года

ДЭКРЭТ

АДНОСНА АТРЫМАННЯ ПОЎНАГА АДПУСТУ
З НАГОДЫ ЮБІЛЕЙНАГА ГОДА Ў ГОНАР СВЯТОГА ЮЗЭФА
У МІНСКА-МАГІЛЁЎСКАЙ АРХІДЫЯЦЫІ

Маючы на ўвазе духоўнае дабро вернікаў і дэкрэт Апостальскай Пэнітэнцыярыі ад 8 снежня 2020 г. аб атрыманні асаблівых індульгенцый з нагоды Юбілейнага года ў гонар святога Юзафа, гэтым Дэкрэтам устанаўліваю магчымасці атрымання поўнага адпусту пад звычайнымі ўмовамі (сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца) на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў перыяд з 19 сакавіка па 8 снежня 2021 года.

Поўны адпуст могуць атрымаць вернікі, якія ў Год святога Юзафа:

  • на працягу 30 хвілін паразважаюць над малітвай «Ойча наш» або прымуць ўдзел у прынамсі аднадзённых духоўных рэкалекцыях, якія прадугледжваюць разважанне над асобай св. Юзафа;
  • па прыкладзе св. Юзафа споўняць учынкі міласэрнасці да цела і душы бліжняга;
  • будуць маліцца св. Ружанцам у сем’ях і між заручанымі;
  • будуць штодзённа давяраць сваю дзейнасць абароне св. Юзафа, а таксама кожны вернік, які ўзнясе малітвы праз заступніцтва Рамесніка з Назарэту, каб тыя, хто шукае працу, маглі знайсці яе, і каб праца ўсіх была больш годнай;
  • памоляцца Літаніяй да св. Юзафа, або любой малітвай да св. Юзафа ў інтэнцыі Касцёла, які пераследуецца ad intra і ad extra, і аб суцяшэнні душы ўсіх хрысціянаў, якія пакутуюць ад розных форм пераследу;
  • памоляцца да св. Юзафа або здзейсняць акт пабожнасці ў яго гонар 19 сакавіка і 1 мая, у свята Святой Сям’і Езуса, Марыі і Юзафа, а таксама ў 19-ы дзень кожнага месяца і кожную сераду, якая прысвечана святому.

У кантэксце надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыі дар поўнага адпусту асаблівым чынам распаўсюджваецца на пажылых людзей, на хворых і паміраючых, на ўсіх, хто па законных прычынах не мае магчымасці выходзіць з дому. Для атрымання адпусту ім патрэбна адсутнасць прывязанасці да граху, намер паспавядацца, як толькі гэта стане магчымым, выканаць тры звычайныя ўмовы, а таксама ўчыніць акт пабожнасці ў гонар св. Юзафа, суцяшыцеля хворых і апекуна добрай смерці, з даверам ахвяруючы Богу пакуты і нязручнасці свайго жыцця.

Юбілейнымі касцёламі, дзе можна атрымаць поўны адпуст падчас пілігрымавання ў Год св. Юзафа, прымаючы ўдзел у святой Імшы альбо іншым набажэнстве ці молячыся прыватна, беручы пад увагу малітвы, прадпісаныя Святым Пасадам, устанаўліваю:

  1. Архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Мінску
  2. Конкатэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў г. Магілёве
  3. Нацыянальны санктуарый у Будславе
  4. Касцёл св. Юзафа ў г. Валожын
  5. Касцёл св. Юзафа ў г.п. Гарадзея
  6. Касцёл св. Юзафа ў г. Крупкі
  7. Касцёл св. Юзафа ў г. Маладзечна
  8. Касцёл св. Юзафа ў в. Рубяжэвічы

Каб Юбілейны год стаў бачным знакам ласкі заахвочваю душпастыраў, асабліва тых, якія служаць ва ўстаноўленых юбілейных касцёлах, 19 дня кожнага месяца і ў кожную сераду ў касцёлах і капліцах праводзіць адмысловае набажэнства ў гонар св. Юзафа і памаліцца разам з вернікамі малітвай да св. Юзафа, законна зацверджанай, у інтэнцыі хворых, паміраючых, пераследаваных і людзей працы.

Дазваляю і заахвочваю падчас Юбілею 19 дня кожнага месяца (за выключэннем 19 верасня) ва ўсіх касцёлах і капліцах ватыўную святую Імшу пра св. Юзафа (РІ стр. 1494), а 1 мая цэлебраваць успамін св. Юзафа Рамесніка.

Заахвочваю ў парафіях там, дзе гэта магчыма, падчас Юбілейнага Года св. Юзафа ўвесці перад святой Імшой, у якой удзельнічае найбольшая колькасць вернікаў, штодзённую гадзінную Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі Касцёла на Беларусі і нашага народа.

На перажыванне надзвычайнага дару Юбілейнага Года з yсім Паўсюдным Касцёлам на чале са Святым Айцом Францішкам ад усяго сэрца благаслаўляю

Біскуп Казімір Велікаселец ОР
Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі

Кс. Дзмітрый Пухальскі
Канцлер Курыі

Абноўлена 06.12.2021 21:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа