11 лютага ў касцёле парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцешай Панны Марыі ў Лідзе (Слабада) адбылася пахавальная святая Імша за душу святой памяці Тэрэзы Шырмы.
Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які добра ведаў памерлую з часоў свайго служэння ў Расіі.
Тэрэза Шырма, каталіцкая актывістка беларускага паходжання з Санкт-Пецярбурга, адышла ў вечнасць 5 лютага ва ўзросце 53 гадоў.
У прамоўленай гаміліі арцыпастыр падкрэсліў неабходнасць малітвы за памерлых, якія ўжо не могуць сабе дапамагчы, і падзяліўся ўспамінамі пра спачылую Тэрэзу, якая бескарысліва служыла Касцёлу у часы яго адраджэння ў горадзе на Няве.
«Тэрэза Шырма ў гады перабудовы прыехала ў тагачасны Ленінград на вучобу. Гэта быў час, калі ў Расіі пачынаў адраджацца Касцёл. Тэрэза скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці „сацыяльная праца“. Як добрая каталічка яна неадкладна ўключылася ў жыццё Касцёла ў горадзе з багатай каталіцкай гісторыяй», — падзяліўся іерарх.
«Важным этапам у яе жыцці стаў удзел у Сусветных днях моладзі ў Чэнстахове ў 1991 годзе. Яна была катэхеткай у адзіным у той час адкрытым касцёле ў Ленінградзе Маці Божай Люрдскай.
Сёння ўжо дарослыя вернікі з удзячнасцю ўзгадваюць яе як першую настаўніцу праўдаў веры, як добрую, спагадлівую і мудрую катэхетку. Яна была адной з першых, хто фармаваў у духу Евангелля моладзь у горадзе на Няве пасля падзення атэістычнага рэжыму», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Тэрэза Шырма прысвячала шмат увагі сацыяльнай працы, дапамагаючы сёстрам св. Тэрэзы з Калькуты, а таксама ў дабрачынным таварыстве «Карытас». Вяла перадачы на беларускай мове на хрысціянскім «Радыё Марыя», рэдагавала газету «Крыніца» на беларускай мове. Была адным з арганізатараў беларускай Імшы ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу. Супрацоўнічала з Салезіянскім выдавецтвам у Гатчыне.
Як падкрэсліў мітрапаліт, спачылая ўяўляла сабой прыклад служэння свецкага чалавека і адначасова місіянера ў Касцёле, які пасля пераследу цягам трох пакаленняў атрымаў магчымасць адраджэння.
«Дзякуючы такім як яна Касцёл у Расіі, які атэістычныя ўлады імкнуліся знішчыць, адрадзіўся і цяпер з’яўляецца інтэгральнай часткай расійскага грамадства»,— дадаў іерарх.
Арцыпастыр падкрэсліў сімвалічнасць таго, што пахаванне Тэрэзы адбываецца ва ўспамін Маці Божай Люрдскай, бо менавіта такі тытул носіць касцёл ў Санкт-Пецярбургу, да парафіі якога яна належала.
Іерарх даверыў душу спачылай Божай міласэрнасці і выказаў надзею, што «святы Пётр, апякун горада на Няве, дзе Тэрэза ахвярна служыла Касцёлу і людзям, дзякуючы нашым малітвам адчыніць дзверы вечнага шчасця вернай слузе Бога».
Тэрэза Шырма была пахавана на могілках парафіі Крупава каля Ліды.