Каталіцкая супольнасць Санкт-Пецярбурга са смуткам паведамляе, што 5 лютага на 54-м годзе жыцця адышла ў вечнасць Тэрэза Шырма, беларуская актывістка ў расійскай касцёльнай супольнасці.
Тэрэза Шырма нарадзілася 14 верасня 1967 г. у в. Рапейкі каля Ліды. Пасля заканчэння сярэдняй школы пераехала ў Ленінград (сёння — Санкт-Пецярбург), дзе актыўна ўключылася ў жыццё каталіцкай моладзі.
Пазней дапамагала сёстрам Міласэрнасці даглядаць за хворымі і патрабуючымі, выкладала ў нядзельнай школе, супрацоўнічала з дабрачынным каталіцкім таварыствам Caritas.
Спрыяла таму, што ў Санкт-Пецярбургу стала рэгулярна цэлебравацца св. Імша на беларускай мове, вяла перадачы на роднай мове на пецярбуржскім хрысціянскім радыё «Марыя», была рэдактаркай газеты «Крыніца» беларускай супольнасці ў Расіі.
Вечны адпачынак дай ёй, Пане…