Пошук

28.09.2020 10:45   Тэкст: кс. Пётр Шарко, Вячаслаў Мазалеўскі / Фота: кс. Пётр Шарко і Ірына Крук / Catholic.by

27 верасня на Міхальскай гары каля Нясвіжа адбылася святая Імша ў гонар Арханёла Міхала за нашу Айчыну і аб хутчэйшым вяртанні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Вітаючы прысутных вернікаў, іерарх запрасіў іх да супольнай малітвы аб мірным вырашэнні грамадска-палітычныгы крызісу ў нашай краіне і аб спыненні пераследу Касцёла ў Беларусі, выразам чаго павінна стаць як мага хутчэйшая магчымасць вяртання на Радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Святую Імшу разам з біскупам цэлебравалі святары Нясвіжскага дэканату на чале з дэканам ксяндзом канонікам Пятром Шарко, а таксама прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз канонік Юрый Санько і ксёндз Ігар Лашук, кусташ фігуры святога Арханёла Міхала з італьянскага санктуарыя ў Гаргана, перэгрынацыя якой па катэдральных касцёлах беларускіх дыяцэзій завершыцца 29 верасня.

Сабраных на святым месцы вернікаў не спалохаў дрэнны прагноз надвор’я і хмары, з якіх час ад часу пачынаў імжэць дожджык. Аб’яднаўшыся ў супольнай малітве, яны прасілі святога Арханёла Міхала, каб, як сонца разганяе хмары, прагнаў з мірнага неба над нашай Айчынай хмары зла, несправядлівасці, насілля і падману.

Міхальская гара знаходзіцца ў 1,5 км ад Нясвіжа ў кірунку на Цімкавічы. Імша прайшла на месцы, дзе раней знаходзіўся касцёл св. Міхала Арханёла, пабудаваны напрыканцы XVI ст. Мікалаем Крыштафам Радзівілам па мянушцы Сіротка. На гэтым месцы быў таксама будынак навіцыяту езуітаў і санктуарый св. Міхала, які наведвалі шматлікія пілігрымы.

У XVIІ ст. з’явілася кніга «Цуды на Міхальскім пагорку», у якой апісваюцца шматлікія цудоўныя падзеі, якія адбываліся на гэтым незвычайным месцы.

Яго гісторыю апісаў вядомы польскі даследчык дзейнасці ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай ксёндз Ежы Пашэнда.

Гара Анёльская, або Арханёльская ці Свята-Міхайлаўская — гэта найвышэйшы ў наваколлі ўзгорак, што знаходзіцца непадалёк ад Нясвіжа. Ад касцёла, што калісьці стаяў на ёй, як сведчыць Уладзіслаў Сыракомля, і пайшла прымаўка: «Адсунуўся — як святы Міхал ад Нясвіжа».

Будаўніцтва касцёла і кляштара пры ім цягнулася доўга, у некалькі этапаў.

Першая фундацыя належыць Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку, які перад вандроўкай на Святую Зямлю ў 1582 г. даў абяцанне пабудаваць капліцу ў гонар святога Рафала, апекуна падарожнікаў.

Але яе пачалі будаваць толькі праз 11 гадоў, пасля заканчэння будаўніцтва касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Князь разам з сям’ёй і дваром браў удзел ва ўзвядзенні капліцы, носячы цэглу, вапну і ваду. За 10 дзён была ўзведзена невялікая святыня незвычайнай шасціграннай формы, у якой пачалі служыць нясвіжскія езуіты.

Хоць першапачаткова галоўны алтар быў асвячаны ў гонар святога Рафала, неўзабаве мясцовыя жыхары стыхійна «перайменавалі» яго ў гонар Міхала Арханёла, які лічыўся апекуном Белай Русі і карыстаўся вялікай папулярнасцю ў народзе.

Тым часам гара Анёльская набыла славу цудадзейнай мясціны, і маленькі касцёльчык не змяшчаў усіх пілігрымаў.

Таму ўжо пасля смерці Сіроткі, каля 1620 гг. па фундацыі гетмана Вялікага Княства Літоўскага Яна Караля Хадкевіча, які меў звычай перад кожнай ваеннай кампаніяй заручацца падтрымкай у святога Міхала, касцёл пашыраецца і зноў асвячаецца ў 1629 г.

Да старой капліцы, што стала прэзбітэрыем, была далучана нава з бабінцам пры ўваходзе. У святыні з’явіліся тры алтары: галоўны — святога Міхала і ўсіх хораў анёльскіх, а таксама бакавыя: святога Габрыэля і святога Рафала. Пазней вакол была пабудавана мураваная агароджа з 9 капліцамі, прысвечанымі ўсім хорам анёльскім, а па-за касцёлам — кляштар. На яго месцы ў 1720–1732 гг. узвялі новы гмах калегіума з удзелам прыдворнага архітэктара князя Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі — Казіміра Антонія Здановіча.

Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 г. будынкі нейкі час заставаліся безгаспадарчымі, а ў пачатку XIX ст. у іх размясцілі казармы. У сярэдзіне стагоддзя Уладзіслаў Сыракомля пісаў, што «касцёл, пазбаўлены сваёй вежы, пераўтвораны ў склад пораху і вайсковай амуніцыі, ад калегіума няма і следу».

Як зазначае ксёндз Ежы Пашэнда, у XX ст. не было ўжо слядоў і касцёла.

У люстрацыі касцёла святога Міхала, зробленай пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 г., так падаецца апісанне кляштарнага комплексу: «Гай бярозавы на гары, паркан мураваны на 8 граней. У першай грані — брама з франтонам, дахоўкамі крыта, вароты абабіты цвікамі. Званіца драўляная, зробленая ў квадрат, дах таксама квадратны, абабіты гонтай, паднята на два ярусы на рагу першай грані паркана».

Усе збудаванні ансамбля былі накрытыя гонтай, за выключэннем купалоў, абабітых бляхай. Паводле люстрацыі, адна мураваная вежа з купалам, вышыней роўная з дахам, узвышалася над алтаром «пры шчыце даха». На галоўным фасадзе былі змешчаны тры вежачкі: цэнтральная, «мураваная на 8 граней над дахам касцельным», перавышала яго на «адзін ярус з вокнамі сляпымі». Невялікі купальчык над ёй таксама ў «адзін ярус з гонты» завяршаўся выявай Міхала Арханёла «з бляхі медзянай».

На жаль, да нашага часу ад былой велічы не засталося і следу. Толькі сціплы камень з мемарыяльнай шыльдай нагадвае, што калісьці на гары стаяла святыня ў гонар святога Арханёла Міхала.

Аднак сёння вернікі зноў ушаноўваюць на гэтым месцы Князя войскаў нябесных, святога Арханёла Міхала, даручаючы яго магутнай абароне нашу Бацькаўшчыну і Касцёл на Беларусі.

Абноўлена 28.09.2020 17:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.