Пошук

24.08.2020 17:00   Тэкст і фота: Алёна Шчэмелева / Catholic.by

У пятніцу 21 жніўня з поўначы і поўдня Беларусі, сустракаючыся высока ў небе, ляцелі галасы малітвы да Маці Божай. Сярод іх былі і галасы парафіянаў касцёлаў святога Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы і святых апосталаў Пятра і Паўла ў Рудзенску.

Вернікі на чале з кс. Генрыхам Кучынскім вырушылі ў пілігрымку да Маці Божай Лагішынскай, урачыстасці на ўшанаванне якой праходзілі 21-22 жніўня.

Некалькі гадзін дарогі з малітвай і спевамі праляцелі ў імгненне, і вось ужо перад імі расчынена брама Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, змешчаная ў прыгожых будынках былога кляштара францішканаў. Пілігрымы вельмі ўдзячныя рэктару семінарыі кс. Андрэю Рылку, які асабіста сустракаў іх і гасцінна пачаставаў.

Прыбыўшы ў Пінск, асабліва ў семінарыю, яны не маглі абмінуць постаці мужоў Касцёла на Беларусі — Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лагінскага і кардынала Казіміра Свёнтка.

Атрымаўшы асалоду ад вандровак па чароўных вулачках сталіцы Палесся, дзе амаль кожны дом з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, у суботу пілігрымы працягнулі свой шлях да Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішын. Цэлебрацыю святой Імшы, на якую прыбылі пілігрымы з Бярозы, Ляхавічаў, Баранавічаў, Івацэвічаў, Брэста, Пінска, узначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, а ў гаміліі да прысутных звярнуўся Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, які сёлета адзначае юбілей.

Словы пастыра былі перадусім скіраваныя да бацькоў і моладзі аб неабходнасці будаваць жыццё на падмурках хатняга Касцёла, імкнуцца зберагчы чысціню веры, працягваць сваю адукацыю з Богам. На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Юзаф Станеўскі выканаў спеў народнай украінскай песні, словы якой сам пераклаў на беларускую мову.

Гэты спеў, які крануў сэрцы прысутных, іерарх прысвяціў усім матулям і нашй нябеснай Маці — Каралеве Палесся.

Пасля Імшы парафіяне арганізавалі салодкі пачастунак для ўсіх пілігрымаў і ўдзельнікаў набажэнства, а сябры гурта «Ты і я» аздобілі яго гучнымі і вясёлымі спевамі на хвалу Бога.

Падсілкаваўшыся фізічна і духоўна, пілігрымы з Мар’інай Горкі і Рудзенска развіталіся з Лагішынам і яго гасціннымі жыхарамі. Перажыты духоўны ўздым дапаможа ім у годным выкананні сваіх штодзённых абавязкаў.

Абноўлена 24.08.2020 17:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця