![](/3/images/news/2023/12/16655/2023-12-06-41.jpg)
4 снежня ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры дабрачыннай місіі Добрага Самараніна ў Мінску распачала працу выстава акварэльных малюнкаў Марыі Каралёвай.
Творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, былі зробленыя падчас экспедыцыі па мясцінах, дзе 90 гадоў таму пачалі дзейнасць на тэрыторыі Беларусі сёстры ўршулянкі.
Як вядома, у жніўні 1933 года адбылося адкрыццё першай у беларускім Палессі місіі ў Гарадцы пад Кобрынам, таму на малюнках адлюстравана вёсачка Гарадзец і месца, дзе знаходзіўся касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Цяпер ён перабудаваны пад школу.
Адметна, што пра ўршулянак у гэтай мясціне дагэтуль памятаюць.
На шматлікіх малюнках адлюстраваны Кобрын. У гэтым горадзе ўршулянкі пасяліліся ў 1936 годзе.
Дагэтуль па адрасе вуліца Першамайская, 60 можна ўбачыць дом, дзе жылі законніцы. Заснавальніца кангрэгацыі маці Уршуля Ледухоўская адзначала: «Гэты дом — адзін з самых прыгожых у Кобрыне».
Размяшчэнне ўршулянак па гэтым адрасе было невыпадковым, бо паблізу размяшчаецца касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Як выглядае гэты духоўны і архітэктурны помнік 1843 года, можна таксама ўбачыць на выставе.
У Кобрынскім раёне ёсць яшчэ адна мясціна, якая цесна звязаная з уршулянкамі, хоць самі законніцы там не жылі. Гэта маёнтак Грушава, дзе гаспадарыла пісьменніца Марыя Радзевіч.
Уршуля Ледухоўская падкрэслівала, што менавіта Марыя Радзевіч шмат заахвочвала сясцёр, каб тыя распачалі працу ў гэтых мясцінах, і пасля аказвала ім усялякую падтрымку.
На выставе малюнкаў можна ўбачыць гонар Грушава — 500-гадовы дуб, які Марыя Радзевіч называла «Дэвайціс». Вышыня гэтага дрэва амаль 30 метраў, а дыяметр — 2 метра. У свой час аднайменная аповесць «Дэвайціс» авеяла легендамі гэта дрэва. А славу Марыі Радзевіч прынеслі не толькі літаратурныя поспехі, але ўважлівае стаўленне да мясцовых жыхароў і дапамога ім. Пісьменніца была духоўна блізкім чалавекам і для сясцёр уршулянак.
Наведаць выставу можна па адрасе:
Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, вул. Серафімовіча, 19 (ст.м. «Пралетарская»)
Дадатковая інфармацыя і запіс па тэл.:
+375 17 343 99 17
+375 44 770 09 01 — рэцэпцыя
e-mail: samaranin16@gmail.com
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/left.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/right.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)