17 верасня ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Рудзенску (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат) адбылося благаслаўленне абраза Найсвяцейшай Панны Марыі.
Урачыстае мерапрыемства прыпала акурат на дзясятую гадавіну ад пачатку будаўніцтва рудзенскай святыні.
На пачатку сустрэчы пробашч парафіі ў Рудзенску ксёндз Генрых Кучынскі прадэманстраваў спецыяльна падрыхтаваную прэзентацыю з этапамі будаўніцтва касцёла святога Пятра і Паўла, пачынаючы з 2013 года, калі толькі была ўзведзена агароджа і закладзены першы камень.
Рудзенскі душпастыр паказваў здымкі і дзякаваў усім, хто прычыніўся да будаўніцтва дзеяннямі, парадамі і малітвамі.
Вернікі пазнавалі сябе на фатаграфіях; узгадвалі, як спачатку маліліся ў вагончыку і будавалі сваю першую святыню. Пасля прэзентацыі прагучала песня, напісаная адной з парафіянак і прысвечаная касцёлу ў Рудзенску і святым Пятру і Паўлу, нябесным апекунам парафіі.
Падзяліць радасць святкавання з мясцовымі вернікамі ў Рудзенск прыехаў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У 2018 годзе ён прысутнічаў на адкрыцці і пасвячэнні касцёла.
Падчас святой Імшы арцыбіскуп благаславіў ікону Багародзіцы Марыі, якая аздобіла святыню. Заслужаны іерарх таксама ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі і пажадаў росквіту парафіі ў Рудзенску.