Пошук

31.01.2023 15:15   Тэкст і фота: Сняжана Буцук / Catholic.by

У нядзелю 29 студзеня ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Рудзенску (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат) адбылася важная для мясцовай парафіі падзея.

Супольнасць маладой рудзенскай супольнасці з радасцю вітала ў сваёй нядаўна пабудаванай святыні арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча. Згодна з традыцыямі гасціннасці, заслужанага іерарха сустрэлі хлебам-соллю.

Па запрашэнні мясцовага пробашча ксяндза Генрыха Кучынскага арцыпастыр узначаліў цэлебрацыю нядзельнай святой Імшы для парафіянаў.

Падчас літургіі іерарх здзейсніў благаслаўленне абраза святых апосталаў Пятра і Паўла — апекуноў касцёла і парафіі ў Рудзенску, а таксама ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе тутэйшых вернікаў: моладзі і дарослым.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў Эўхарыстыі, арцыбіскуп Кандрусевіч у сваім пастырскім слове звярнуў увагу на самавызначэнне чалавека ў жыццi і на асабісты выбар Бога як найвышэйшай мэты чалавечага жыцця.

Каментуючы славутае казанне Езуса на гары і восем благаслаўленняў, іерарх падкрэсліў, што «шчаслівы той, хто жыве паводле Божага закону». Арцыбіскуп дадаў, што восем благаслаўленняў — нібы «настольная кніга кожнага хрысціяніна» і як «духоўны навігатар, які па пакручастых дарогах зямнога жыцця вядзе нас у радасць неба».

«Восем благаслаўленняў Езуса — гэта практычныя парады з мэтай рэалізацыі Евангелля. Яны заклікаюць да актыўнага хрысціянскага жыцця, якое павінна быць скіравана на вырашэнне праблем свету, навяртання грэшнікаў і выкананне місійнага задання Касцёла абвяшчаць Добрую Навіну ўсім людзям.

Напоўненыя дарамі Святога Духа, апосталы Пётр і Павел з’яўляюцца ўзорам актыўнага хрысціянства і апостальства. Нам неабходна браць з іх прыклад, каб у часы секулярызацыі і дэхрысціянізацыі аднавіць дух веры ў свеце», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Звяртаючыся да кандыдатаў перад тым, як удзяліць ім сакрамэнт хрысціянскай сталасці, заслужаны іерарх сказаў: «Сёння парафія ў Рудзенску перажыве сваю Пяцідзесятніцу. Пасля прыняцця дароў Святога Духа, апосталы перамяніліся і мужна абвяшчалі Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага.

Таксама і тыя, хто прымае сакрамэнт канфірмацыі, павінны быць мужнымі сведкамі хрысціянства, бараніць веру і яе распаўсюджваць».

Сабраныя ў святыні прамовілі супольную малітву, просячы Духа Святога сысці на кандыдатаў да канфірмацыі, а ўсіх прысутных аднавіць у мужным вызнанні і сведчанні сваёй веры.

Разам з рудзенскімі вернікамі сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук арцыбіскупа Кандрусевіча прынялі таксама некалькі кандыдатаў з парафіі святога Антонія з Мар’інай Горкі.

Усе яны доўгі час рыхтаваліся да гэтага важнага кроку ў сваім жыцці, і, нарэшце, сталі сведкамі Хрыста, каб распаўсюджваць і абараняць веру.

Паводле каталіцкай традыцыі, кожны кандыдат выбраў сабе імя святога, які стаў яго асаблівым апекуном і прыкладам для далейшага хрысціянскага жыцця.

Напрыканцы ўрачыстасці канфірмаваныя шчыра падзякавалі арцыбіскупу за ўдзелены сакрамэнт і за скіраваныя да іх словы настаўлення. Арцыпастыр заклікаў вернікаў, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, а таксама ўсіх прысутных даваць сведчанне веры ў сваім асяроддзі.

«Канфірмацыя — гэта не развітанне з Касцёлам!» — паўжартам заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Словы падзякі выказалі вернікі і свайму пробашчу, дзякуючы яму за працу i намаганнi, прыкладзеныя для іх падрыхтоўкi да сакрамэнту хрысціянскай сталасці. У далёкім ужо 1990 годзе ў мястэчку Міжэрычы Зэльвенскага раёна будучы святар яшчэ юнаком таксама прыняў сакрамэнт канфірмацыі з рук арцыбіскупа Кандрусевіча. Акрамя таго, адна з мясцовых парафіянак, Ірэна Каляда, узгадала, што 8 сакавіка 1982 года ў касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме ў Вільні з рук маладога святара Тадэвуша Кандрусевіча атрымала благаслаўленне сакрамэнту сужэнства.

Сабраныя падзякавалі прысутнаму на святой Iмшы куратару першага курса Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ксяндзу Паўлу Эйсманту за тое, што падзялiў з імі радасць парафіяльнай урачыстасцi.

На заканчэнне ўвазе ўдзельнікаў быў прапанаваны невялічкі канцэрт, падрыхтаваны канфірмаванай моладдзю парафіі святога Антонія з Мар’інай Горкі і дзецьмі з рудзенскай парафіі.

Пасля Імшы ніхто не спяшаўся разыходзіцца па дамах. Канфірмаваныя віншавалі адно аднаго, а іх блізкія дзяліліся ўражаннямі. Усмешкі, а часам і слёзы радасці было відаць на тварах многіх прысутных.

 

Абноўлена 31.01.2023 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця