Пошук

13.04.2021 12:13   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Традыцыйна святы Мікалай робіць падарункі ўзімку, перад Божым Нараджэннем, але ж ён гатовы радаваць дзяцей Божых у кожны час. Гэтак, 11 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, святы Мікалай наведаў парафію святых апосталаў Пятра і Паўла ў Рудзенску.

Прыехаўшы на рэтра-матацыкле «Днепр МТ 8» 1970 года выпуску, святы прызнаўся:

«У мінулым годзе я не змог быць з вамі на Каляды. Дзетак тады ў касцёле было няшмат, а акрамя таго, хацелася пакатаць іх на матацыкле. І я паабяцаў, што прыеду на Вялікдзень», — дадаў сівабароды святы біскуп.

Высылаючы тады калядныя падарункі, святы Мікалай прасіў дзяцей і моладзь прынамсі дзесяць разоў быць у касцёле на нядзельнай святой Імшы ад Нараджэння Хрыстова да Вялікадня і тройчы на працягу Вялікага посту ўзяць удзел у набажэнстве Крыжовага шляху.

Дзеці шчыра стараліся выканаць просьбу святога Мікалая, які не толькі робіць ім падарункі, але як сапраўдны пастыр таксама клапоціцца пра іх духоўнае выхаванне. За ўдзел у святой Імшы маленькія рудзенскія парафіяне атрымлівалі бал, і тыя з іх, хто ў выніку набраў больш за неабходныя дзесяць балаў, дзяліліся імі з сябрамі, у якіх не атрымалася рэгулярна быць у касцёле.

«Гэта ўзор, дадзены нам Езусам: дапамагаць у духу хрысціянскай салідарнасці і міласэрнасці да бліжняга», — адзначыў пробашч парафіі ксёндз Генрых Кучынскі.

Парафія ў Рудзенску маладая: напрыканцы 2018 года тут адбылося асвячэнне новапабудаванага касцёла. Але тутэйшыя вернікі разам са сваім пастырам ужо даўно стварылі нерукатворную святыню дружнай парафіяльнай сям’і, дзе кіпіць рэлігійнае жыццё.

Вось і цяпер маладыя рудзенскія парафіяне спявалі хрысціянскі песні, танчылі, чыталі вершы, а самыя маленькія паказвалі, як умеюць маліцца.

Таксама свае таленты ў канцэртнай праграме паказалі дзеці з суседняй парафіі святога Антонія Падуанскага з Мар’інай Горкі.

Шчырыя дзіцячыя выступленні стварылі добры настрой у гледачоў і заслужылі ад іх працяглыя апладысменты.

Пасля канцэрту і ўручэння падарункаў святы Мікалай пакатаў на сваім рэтра-транспарце ўсіх ахвотных.

Хоць ён і святы, але пры гэтым строга пільнаваўся правілаў дарожнага руху, каб даць такім чынам добры прыклад малым і дарослым.

Яму так спадабалася тое, як падрыхтаваліся дзеці, у тым ліку і духоўна, што на развітанне яшчэ адным сюрпрызам ад дарагога госця стаў падарунак: матацыкл, каб пробашч мог часцей катаць сваіх маленькіх парафіянаў па прыкасцёльнай тэрыторыі і вучыць іх правільна паводзіць сябе на дарозе.

Абноўлена 13.04.2021 12:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа