Пошук

30.06.2020 08:46   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка, Марына Валасар / Фота: Марына Валасар / Catholic.by

27 чэрвеня ў касцёле святых Пятра і Паўла ў вёсцы Мядзведзічы (Пінская дыяцэзія) адбылася незвычайная падзея, якая сабрала гасцей з розных куткоў Беларусі: музычная прэзентацыя адноўленага ўнікальнага аргана эпохі рамантызма.

Дзесяць месяцаў доўжыўся рамонт гэтага больш як стогадовага касцёльнага інструмента, пад які праслаўлялі Бога некалькі пакаленняў мядзведзіцкіх вернікаў.

Невыпадкова прэзентацыя адроджанага аргана адбылася перад вялікай урачыстасцю — парафіяльным адпустам у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла.

Інструмент зноў загучаў напярэдадні дня нараджэння мецэната Юрыя Зісера, які прычыніўся да адраджэння аргана пінскай катэдры.

Чым славутыя Мядзведзічы?

Парафія ў вёсцы Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна — адна з найстарэйшых у Пінскай дыяцэзіі. Велічны касцёл святых Пятра і Паўла, які высока ўзносіцца над ваколіцай, быў адбудаваны ў 1908 г. на месцы пашкоджанай у часы царскага ліхалецця святыні.

Асаблівую ролю ў гісторыі Касцёла мядзведзіцкая святыня адыграла пасля Другой сусветнай вайны. Менавіта тут у савецкія часы, пасля вяртання са сталінскіх лагераў, служыў легендарны святар — ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі.

Гэты святар паводле распараджэння Апостальскай Сталіцы амаль паўстагоддзя ў часы атэістычных пераследаў кіраваў большай часткай Пінскай дыяцэзіі, якая аказалася на тэрыторыі Савецкага Саюза. А як былы віцэ-рэктар Пінскай духоўнай семінарыі, ён у Мядзведзічах арганізаваў падрыхтоўку кандыдатаў да святарства.

Так у савецкія часы па волі Божага Провіду ў Мядзведзічах размяшчалася і своеасаблівая «курыя» Пінскай дыяцэзіі, і «семінарыя». Дзякуючы таму, што тут пастаянна служыў святар, вернікі з розных мясцін прыбывалі ў мядзведзіцкі касцёл, каб прыняць хрост, шлюб, святую Камунію, прыступіць да споведзі, пабыць на святой Імшы.

Інструмент стагоддзя

Аказалася, што Мядзведзічы адметныя не толькі слаўнай гісторыяй, знакамітымі асобамі, велічнай святыняй. Тут таксама знаходзіцца ўнікальны арган эпохі рамантызму.

Арган у Мядзведзічах — другі па велічыні гістарычны арган Брэсцкай вобласці, а таксама ва ўсёй Пінскай дыяцэзіі. Сярод усіх гістарычных арганаў Беларусі, якія знаходзяцца ў адрамантаваным стане, гэта трэці па колькасці рэгістраў пасля Пінскага і Мсцібаўскага.

Зроблены ў 1912 годзе ў Вільні фірмай Пятра Вайцяховіча, мядзведзіцкі арган з’яўляецца найбуйнейшым старажытным інструментам поўнасцю рамантычнага стылю, які дайшоў да нас у аўтэнтычным выглядзе.

Таксама гэта адзін з найбуйнейшых арганаў Беларусі, пабудаваных да Першай сусветнай вайны.

Аднаўленне

Падчас сустрэчы біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з кіраўніцтвам Ляхавіцкага райвыканкама ў 2018 г. было прынята рашэнне прыкласці сумесныя намаганні Касцёла, дзяржаўных уладаў і грамадскасці, каб адрамантаваць гэты ўнікальны інструмент. Вялікая група энтузіястаў на чале з Аляксандрам Бурдзялёвым, аўтарам знакамітай энцыклапедыі «Арганы Беларусі», на працягу 10 месяцаў праводзіла працы па аднаўленні мядзведзіцкага аргана. Сёлета ў маі працы былі паспяхова завершаныя.

Усяго ў працэсе ўдзельнічала 12 чалавек. Гэта Вячаслаў Чорны, Аляксей Бакаў, Ксенія Чарней, Лізавета Марозава, Кацярына Іванова, Калініка Мядзведзева, Ганна Горбач, Павел і Генрых Свірэпы, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах кс. Вінцэнт Сяўрук, Марыя Булда, Дарыюш Зых і Аляксандр Ахрэмка.

«Самай складанай была праца з язычковымі рэгістрамі. У гэтага аргана іх два, што патрабуе вялікай кваліфікацыі», — адзначае Аляксандр Бурдзялёў.

У чэрвені гэтага года ўжо павінен быў прайсці першы фестываль у Мядзведзічах.

Планавалася, што ў ім возьмуць удзел арганісты з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кракава, Германіі і Нідэрландаў, але пандэмія парушыла ўсе планы. Плануецца, што ў наступным годзе фестываль усё ж адбудзецца.

Прэзентацыя аргана

27 чэрвеня ў Мядзведзічах прайшла прэзентацыя адноўленага аргана, на якім сыгралі арганісты Ігар Алоўнікаў, Вольга Падгайская і Калініка Мядзведзева, а таксама Аляксандр Бурдзялёў (сарод), Аксана Герасімёнак (скрыпка), і Платон Мядзведзеў (табла).

На прэзентацыі прысутнічалі прадстаўнікі Ляхавіцкага райвыканкама, канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка, вернікі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах і шматлікія госці з розных мясцінаў.

На прэзентацыі прагучалі творы Баха, Яськова, Рэгера. Глыбокія і лёгкія, рэзкія і мілагучна-плаўныя — розныя мелодыі перадавалі асаблівую атмасферу, якая гучала праз творы класікаў.

На наступны дзень, зусім нечакана для сябе, а таксама для вернікаў парафіі, арганісты наладзілі міні-канцэрт, прысвечаны памяці мецэната Юрыя Зісера, які шмат зрабіў для аднаўлення арганнай культуры ў Беларусі.

Музыкі выканалі пяць кампазіцый.

«Ініцыятыва міні-канцэрту належыць арганісткам. Яны прачнуліся раніцай і ўбачылі ў фэйсбуку, што ў Юрыя Зісера сёння павінен быў быць дзень нараджэння. А мы так стаміліся здымкамі (мы ж два дні запісвалі музыку, гэта была вельмі цяжкая праца), што хацелася ўжо расслабіцца і пайграць для сябе і для простых людзей. І вось пасля Імшы наладзілі такі звычайны канцэрт. Ксяндзу паведамілі пра гэты канцэрт толькі за паўгадзіны да Імшы. Ён згадзіўся», — распавёў Аляксандр Бурдзялёў.

Канцэрт стаў прыемным сюрпрызам, а таксама незвычайным завяршэннем прэзентацыі адноўленага аргана ў Мядзведзічах. А далей — чакаем фестывалю.

Захапляльную прыгажосць гучання адноўленага гістарычнага аргана ў непаўторнай мядзведзіцкай святыні неўзабаве можна будзе пачуць у высокаякасным запісе праз інтэрнэт.

Больш падрабязная інфармацыя будзе пададзена на партале Сatholic.by.

Абноўлена 03.07.2020 00:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.