Пошук

28.06.2020 10:11   Catholic.by

Пастырскі ліст біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі да вернікаў Пінскай дыяцэзіі на ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! 29 чэрвеня Касцёл адзначае ўрачыстасць двух найвялікшых апосталаў — Пятра і Паўла. Святы Пётр быў выбраны Езусам Хрыстом да выканання служэння першага ў Касцёле (прымат Пятра). Ён быў першым Папам. А місійная руплівасць святога Паўла прынесла святло Евангелля і заснаванне супольнасцяў Касцёла ў шматлікіх мясцінах. Таму святога Паўла назвалі  «Апосталам народаў».

Абодва гэтыя апосталы праз сваё мучаніцтва звязаныя з Рымам.

Святы Пётр (лац. Petrus, грэцк. Πέτρος, арамейск. Кефас — камень, скала) быў адным з дванаццаці апосталаў, які спачатку меў імя Сымон. Езус даў яму новае імя — Пётр, што значыць «скала». Езус бачыў святога Пятра напоўненага Духам Святым, таму сказаў, што ён будзе скалой, на якой будзе збудавана супольнасць Касцёла. Святы Пётр быў братам апостала Андрэя і сынам Яна (гл. Мц 16, 17). Ён паходзіў з Бэтсаіды і быў рыбаком. Пётр разам з Якубам і Янам удзельнічаў у асаблівых падзеях, такіх як уваскрашэнне дачкі Яіра, перамяненне Езуса на гары Табор і Яго малітва перад смерцю. Езус выслаў Пятра і іншых апосталаў да людзей, каб абвяшчалі Божае Валадарства, аздараўлялі хворых, уваскрашалі памерлых, ачышчалі пракажоных і выганялі злых духаў.

Святы Бэрнардын Сіенскі ў адным са сваіх казанняў напісаў, што менавіта св. Пётр быў выбраны галавой Касцёла, бо ён быў здольны спачуваць тым, хто ўпаў у грэх. У Евангеллі часта паказваецца яго чалавечая прырода і слабасці, напрыклад, што ён не мог вытрываць нават гадзіны ў малітоўным чуванні пры церпячым Хрысце. Але, нягледзячы ні на што, ён няспынна імкнуўся выправіцца. Усё гэта дзякуючы дзеянню Духа Святога, які нястомна дадаваў яму моцы.

Пётр выступіў з ініцыятывай сярод апосталаў, каб выбраць новага пасля Юды Іскарыёта, у выніку чаго быў абраны апостал Мацей. Ён абвяшчаў першыя прамовы да людзей пра Уваскрасенне Хрыста і пачаў пашыраць хрысціянскую супольнасць, прымаючы першых навернутых язычнікаў. Ён казаў, што іх таксама Бог надзяляе дарамі Духа Святога.

Святы Павел у Першым пасланні да Карынцянаў кажа пра св. Пятра як пра першага сярод апосталаў, які ўбачыў Уваскрослага Пана. Пётр для яго быў найбольшым аўтарытэтам і першай асобай у Касцёле.

Паводле апакрыфічных Дзеяў, Пётр праз нейкі час прасля прыбыцця ў Рым, паміж 64 і 67 гадамі, загінуў мучаніцкай смерцю: быў укрыжаваны дагары нагамі. Ён палічыў сябе нягодным паміраць такой жа смерцю, як яго Пан. Святы Пётр для Касцёла — гэта гарант адзінства і праўды. Гэтага чакаў ад яго Хрыстус. Дзякуючы яму бачым, як Касцёлу неабходная ласка і Божая міласэрнасць.

Святы Пётр з’яўляецца нябесным апекуном дыяцэзіі ў Рыме. Таксама ён лічыцца заступнікам такіх гарадоў, як Франкфурт, Жэнева, Гамбург, Познань і Рыга. Яго апецы даручаныя такія прафесіі, як будаўніцтва мостаў, кавальства, камянярства, бляхарства, мараходства, рыбацтва, гадзіннікавае майстэрства. Вернікі звяртаюцца па яго асаблівую апеку ў часе гарачкі, а таксама пры ўкусе змяі.

Святы Павел перад навяртаннем меў імя Саул. Нарадзіўся ў Тарсе паміж 5 і 10 годам ад нараджэння Хрыста. Ён паходзіў з юдэйскай сям’і, аднак меў рымскае грамадзянства. Належаў да руху фарысеяў. Быў вучнем аднаго з найбольш знакамітых юдэйскіх настаўнікаў — Гамаліэля. Будучы фарысеем, ён быў зацятым ворагам Касцёла. Навярнуўся каля 35 г. па дарозе ў Дамаск: калі быў звалены на зямлю, яму з’явіўся Езус, і ён пачуў голас:  «Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?» (пар. Дз 9, 4). Пасля дзівоснага навяртання Павел тры гады заставаўся ў Дамаску, пазней на кароткі час ён наведаў Ерузалем, дзе сустрэўся з іншымі апосталамі. Ён здзейсніў тры вялікія місійныя падарожжы, падчас якіх наведаў шматлікія язычніцкія гарады ў Малой Азіі і Грэцыі. З некаторых ягоных пасланняў вынікае, што ён пасля навяртання меў містычныя перажыванні.

З прычыны апостальскай руплівасці жыццё св. Паўла шмат разоў было ў небяспецы.

У 60 годзе ён быў арыштаваны ў Ерузалеме, правёў два гады ў турме ў Цэзарэі, а пасля апеляцыі да цэзара быў перавезены ў Рым. Там некалькі гадоў ён правёў пад хатнім арыштам. Пасля вызвалення з-за адсутнасці доказаў віны, ён, хутчэй за ўсё, здзейсніў сваё апошняе місійнае падарожжа ў Іспанію і на Крыт. Пасля чарговага арышту ў 67 г. памёр мучаніцкай смерцю. Як рымскага грамадзяніна яго не катавалі, але адсеклі галаву мячом.

Датай смерці лічыцца 29 чэрвеня. Ужо Канстанцін Вялікі пасля 330 г. на месцы мучаніцтва св. Паўла пабудаваў святыню. Яна знаходзіцца адразу за мурамі старажытнага Рыма, таму і называецца базылікай св. Паўла за мурамі.

Касцёл адзначае ўрачыстасць Пятра і Паўла ў адзін дзень, каб падкрэсліць, што абодва апосталы давалі пачатак хрысціянскім супольнасцям, асабліва ў Рыме. На знак лучнасці біскупаў з Апостальскай Сталіцай менавіта ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла Папа ўручае новапрызначаным Мітрапалітам паліі — своеасаблівы стужкавы ўбор з белай воўны, які накладаецца на плечы і грудзі вакол шыі, аздоблены шасцю крыжыкамі. Палій — гэта сімвал пастырскай улады Мітрапаліта, якую ён выконвае, трываючы ў супольнасці з Касцёлам у Рыме. З гэтай нагоды сёння будзем памятаць у малітвах таксама пра нашага Мітрапаліта арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

У гэтую ўрачыстасць мы асабліва памятаем пра Пятра нашых часоў — Папу Францішка.

Молімся, каб па прыкладу св. Пятра ён бяспечна вёў Касцёл да порту Збаўлення. Выразным знакам лучнасці парафіяльных супольнасцяў нашай дыяцэзіі з Папам з’яўляецца іх лучнасць са сваім біскупам — пастырам дыяцэзіі.

На тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі знаходзяцца чатыры парафіі пад тытулам святых Пятра і Паўла: у Камянцы, Івацэвічах, Лагішыне і Мядзведзічах. У гэты дзень я асабліва яднаюся ў малітве з вернікамі і душпастырамі гэтых парафій. Шмат разоў я прысутнічаў сярод вас на гэтай адпустовай урачыстасці ў вашых парафіях, а сёння далучаюся да вас духоўна, давяраючы вас магутнай апецы святых апосталаў Пятра і Паўла.

У сённяшнюю ўрачыстасць можна таксама атрымаць адпуст, пабожна карыстаючыся рэлігійнымі прадметамі (крыжам, ружанцам, шкаплерам, медальёнам), якія былі благаслаўленыя Папам ці біскупам, і з належнай пабожнасцю прачытаўшы малітву «Веру ў Бога».

Узгадваючы вялікую місійную руплівасць Апосталаў Пятра і Паўла, заахвочваю ўсіх вернікаў і душпастыраў дыяцэзіі да нястомнага пошуку шляхоў абвяшчэння Евангелля ў сучасным свеце, у тых месцах і жыццёвых акалічнасцях, у якіх нам даводзіцца жыць.

Дзякую ўсім, хто агортвае асаблівым клопатам справу катэхізацыі і рэлігійнага выхавання дзяцей і моладзі. Няхай гэтай справе спрыяюць, наколькі дазваляюць умовы, цэнтры пілігрымак у нашай дыяцэзіі і не толькі: санктуарыі ў Лагішыне, Будславе, Янаве, Навагрудку… Асабліва прашу маліцца аб новых святарскіх пакліканнях. Няхай Касцёл цешыцца новымі апосталамі на ніве Божай.

У лучнасці са Святым Айцом Францішкам удзяляю ўсім вернікам Пінскай дыяцэзіі маё пастырскае благаслаўленне: у імя + Айца і Сына, і Духа Святога.

Антоні Дзям’янка, Біскуп Пінскі

Пінск, 26 чэрвеня 2020 г.

P.S. Святарам Пінскай дыяцэзіі неабходна прачытаць гэты Ліст вернікам падчас кожнай св. Імшы ва ўрачыстасць св. Апосталаў Пятра і Паўла 29 чэрвеня 2020 г.

Абноўлена 29.06.2020 13:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця