Пошук

11.06.2020 21:36   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

11 чэрвеня, з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу перад уваходам у мінскі катэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі, на заканчэнне якой узначаліў Эўхарыстычную працэсію ў незвычайным фармаце.

Урачыстая святая Імша на плошчы перад галоўнай святыняй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабрала не менш за 250 вернікаў. З дапамогаю анлайн-трансляцыі на партале Catholic.by да іх духоўна далучыліся яшчэ каля тысячы ўдзельнікаў.

«Праз Эўхарыстыю да змены жыцця» — такой тэме было прысвечана слова пастыра, якое прамовіў на святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Напачатку іерарх адзначыў, што ўрачыстасць Божага Цела — адно з найбольш папулярных касцёльных святаў, неадменным элементам якога з’яўляюцца традыцыйныя эўхарыстычныя працэсіі па вуліцах гарадоў і вёсак.

«Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл як Божы народ.

Касцёл як супольнасць вернікаў найдасканалей праяўляе сябе ў цэлебрацыі Эўхарыстыі і падчас эўхарыстычных набажэнстваў, асабліва святкавання ўрачыстасці Божага Цела», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён канстатаваў, што сёння пандэмія стала выклікам для душпастырства і імпульсам да пошуку новых яго метадаў. З-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі многія вернікі не бяруць асабістага ўдзелу ў Імшы, але духоўна далучаюцца да супольнасці Касцёла з дапамогай трансляцый.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуў увагу на тое, што гэтае становішча, тым не менш, нельга лічыць нармальным.

«З аднаго боку, гэта добрая справа і вялікая духоўная дапамога вернікам, якія хочуць браць удзел у святой Імшы, але не могуць. Аднак з іншага боку, такая практыка крые ў сабе шмат пагрозаў, асабліва адносна абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы, і можа прывесці да яго занадта свабоднай трактоўкі.

Некаторыя пачынаюць думаць, што няма абавязку ісці ў касцёл, калі можна паглядзець Імшу па тэлевізары ці праз інтэрнэт або паслухаць па радыё. Такое меркаванне памылковае.

Імшу нельга паглядзець ці паслухаць. У ёй неабходна браць удзел», — сцвердзіў арцыпастыр, падмацаваўшы свае словы прыкладам, прыведзеным Міланскім арцыбіскупам Марыё Дэльпіні. Італьянскі іерарх параўнаў непасрэдны ўдзел у Імшы з вогнішчам: той, хто сядзіць каля яго, адчувае цеплыню і радуецца яго жывому святлу. Той жа, хто глядзіць трансляцыю, падобны да чалавека, які бачыць вогнішча на экране і не можа адчуць ні цеплыні, ані той непаўторнай радасці і адзінства.

«Зразумела, што мы хочам быць каля жывога агню, які грэе, асвятляе і аб’ядноўвае, а не проста сядзець каля тэлевізара і глядзець на агонь, які нічога гэтага не дае», — зрабіў выснову арцыбіскуп Кандрусевіч. Тым, хто далучыўся да Імшы анлайн, іерарх нагадаў пра важнасць прынамсі духоўнай камуніі пры немагчымасці прыняць Цела Хрыста ў Эўхарыстыі.

Разам з тым арцыпастыр адзначыў і станоўчы момант, а менавіта тое, што анлайн-трансляцыя набажэнстваў часта аб’ядноўвае ў супольнай малітве ўсю сям’ю, а таксама дапамагае людзям не страціць сувязь з супольнасцю Касцёла, які з’яўляецца Містычным Целам Хрыста.

«Таму ўдзел у такіх трансляцыях хоць і не з’яўляецца поўным удзелам у святой Імшы, тым не менш спрыяе нашаму духоўнаму дабру», — сцвердзіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Разважаючы над сакрамэнтам Эўхарыстыі ў перспектыве вечнасці, арцыпастыр зазначыў, што ён дае новую надзею ўсяму чалавецтву.

«У нашай краіне праходзіць перадвыбарчая кампанія. Мы ўважліва слухаем абяцанні кандыдатаў у прэзідэнты. Кагосьці падтрымліваем, бо яму давяраем.

Але калі давяраем чалавеку з яго абмежаваннямі і магчымасцю памыляцца, які не будзе жыць і кіраваць вечна, то тым больш павінны давяраць Богу, які вечны, усемагутны і ніколі не памыляецца», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён нагадаў пра неабходнасць жыцця паводле дадзеных Богам маральных прынцыпаў, без захавання якіх навуковы і тэхнічны прагрэс вядзе не да развіцця, а да знішчэння чалавека. Іерарх пры гэтым дадаў, што менавіта Эўхарыстыя дае чалавеку духоўныя сілы, неабходныя для годнага хрысціянскага жыцця.

«Адражэнне эўхарыстычнага жыцця — гэта ключавое пытанне будучыні Касцёла. Няхай сёлетнія складаныя ўмовы ўдзелу ў Эўхарыстыі і святкавання Божага Цела дапамогуць нам яшчэ мацней адчуць эўхарыстычны голад і імкнуцца яго наталіць», — сказаў арцыпастыр, завяршыўшы гамілію кароткай малітвай, у якой прасіў Бога праз Найсвяцейшы Сакрамэнт перамяніць сэрцы людзей і аблічча нашай зямлі з пашанай да сапраўдных каштоўнасцяў.

Разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам урачыстую Імшу перад катэдрай цэлебравалі Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, дырэктар парталу Catholic.by кс. Аляксандр Улас, пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі кс. канонік Антоній Клімантовіч і пробашч парафіі св. Сымона і св. Алены кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк.

На заканчэнне Эўхарыстыі адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Перад яе пачаткам арцыбіскуп Кандрусевіч папрасіў прысутных на плошчы перад касцёлам вернікаў заставацца на месцах, каб захаваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя і трымацца на належнай дыстанцыі.

У працэсіі духавенства з Эўхарыстычным Хрыстом у манстранцыі прайшло вакол прыкасцёльнага пляцу. Адбыліся чатыры прыпынкі каля сімвалічных алтароў, падчас якіх чыталіся адпаведныя ўрыўкі з Евангелля і традыцыйныя малітвы. На заканчэнне працэсіі кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату благаславіў усіх удзельнікаў урачыстасці Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Адразу пасля заканчэння набажэнства ў сталіцы распачаўся дождж, які крыху пакрапіў у кульмінацыйны момант Эўхарыстыі, але, на шчасце, не перашкодзіў святкаванню, хоць хмары збіраліся на працягу ўсёй цэлебрацыі на адкрытым паветры.

Яшчэ адна працэсія Божага Цела ў Мінску пройдзе з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў нядзелю 14 чэрвеня на плошчы каля Чырвонага касцёла.

Абноўлена 11.06.2020 22:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа