Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая сёлета адзначаецца 11 чэрвеня, пройдзе без традыцыйных працэсій па вуліцах, аднак адмысловыя Эўхарыстычныя набажэнствы ў сталіцы ўсё ж такі адбудуцца ў незвычайным фармаце.
Згодна з рашэннем 78-а Надзвычайнага пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ад 25 мая, з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі былі адменены працэсіі Божага Цела па вуліцах гарадоў і іншых населеных пунктаў нашай краіны. У Мінску замест агульнагарадской працэсіі, якая штогод збірала тысячы ўдзельнікаў, было вырашана правесці два адмысловыя Эўхарыстычныя набажэнствы.
Яны адбудуцца з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі і ў касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл).
- У сам дзень урачыстасці, у чацвер 11 чэрвеня, іерарх узначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў 18.30 у мінскай катэдры. На яе заканчэнне адбудзецца Эўхарыстычная працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам на плошчы перад касцёлам.
У сувязі з неабходнасцю захоўваць сацыяльную дыстанцыю з мэтаю прадухілення заражэння каранавірусам, яна пройдзе ў незвычайным фармаце. Вернікі не будуць ісці за Езусам у Гостыі, а збяруцца перад святыняй, куды да іх выйдзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Замест традыцыйных чатырох алтароў адбудуцца чатыры адпаведныя малітвы з Эўхарыстычным благаслаўленнем. - Падобным чынам будзе выглядаць таксама Эўхарыстычная працэсія ў Чырвоным касцёле, дзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў нядзелю 14 чэрвеня ў 11.00. На яе заканчэнне на плошчы перад касцёлам таксама пройдзе працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, падчас якой вернікі будуць знаходзіцца на бяспечнай адлегласці адно ад аднаго.
Плануецца анлайн-трансляцыя Эўхарыстычных працэсій на партале Catholic.by.
Падобным чынам, з захаваннем рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, працэсіі Божага Цела могуць быць арганізаваныя таксама ў іншых парафіях.
Ва ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста Касцёл ушаноўвае таямніцу бязмежнай любові Збаўцы, які на Апошняй вячэры ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт, дзякуючы якому ў постацях хлеба і віна рэальна і сутнасна прысутнічае сам Хрыстус у сваім Целе і Крыві. На кожнай святой Імшы здзяйсняецца крыжовая ахвяра Хрыста за збаўленне свету, і Ён сам прыходзіць да свайго народа ў выглядзе святой Камуніі.
Кожны католік абавязаны прынамсі раз на год, у Велікодны перыяд, прымаць святую Камунію.
Гэта можна зрабіць толькі будучы ў стане ласкі пасля споведзі. Тыя беларускія вернікі, якія з-за пандэміі яшчэ не змаглі выканаць гэты абавязак, што накладае на іх касцёльны наказ, сёлета маюць магчымасць паспавядацца і прыняць Камунію да 15 жніўня.