Пошук

22.05.2020 11:10   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч падчас рэабілітацыі пасля аварыі. Фота: Jabuka.tv

Як паведамлялася, 21 мая Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча, які больш за год таму перажыў страшную аўтамабільную аварыю.

Акалічнасці той трагедыі шырока асвятляліся ў СМІ і, у прыватнасці, на харвацкім сайце Grude-online.info.

Як паведамілі журналістам у паліцыі, увечары 7 красавіка 2019 года каля 18.15 два легкавых аўтамабілі, у якіх знаходзіліся толькі кіроўцы, сутыкнуліся каля паўдзённага ўезду ў тунэль Святога Іллі (назва мясцовасці) непадалёк ад горада Спліта.

Фота: Grude-online.info

Аварыя здарылася прыблізна праз 60 метраў ад уезду ў тунэль.

24-гадовы мясцовы жыхар, які кіраваў аўтамабілем BMW 5-й серыі, не справіўся з кіраваннем і, выехаўшы на паласу сустрэчнага руху, здзейсніў лабавое сутыкненне з аўтамабілем Citroёn, за рулём якога знаходзіўся новапрызначаны Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

Той факт, што рухавік BMW знаходзіўся ў 40 метрах ад месца аварыі, сведчыць пра тое, што аўтамабіль рухаўся са значным перавышэннем хуткасці.

Фота: Grude-online.info

Ад атрыманых у выніку аварыі раненняў малады чалавек памёр у шпіталі ў Спліце.

Момант аварыі трапіў на камеры відэаназірання, усталяваныя ў тунэлі.

Фота: 24sata.hr

У аварыі таксама моцна пацярпеў арцыбіскуп-намінат Антэ Ёзіч.

1 мая 2019 года ён павінен быў прыняць біскупскае пасвячэнне з рук Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Францішка кардынала П’етро Параліна.

Фота: Grude-online.info

З месца аварыі цяжка паранены Антэ Ёзіч быў дастаўлены ў спліцкі шпіталь, дзе ў яго былі выяўлены цяжкія траўмы грудзей, жывата, рук і ног. Адразу ж пасля прыбыцця ў шпіталь яму была зроблена аперацыя, пасля чаго пацярпелага змясцілі ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі і падключылі да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. Два тыдні пацярпелы нунцый знаходзіўся ў коме.

Аднак, цудам выжыўшы ў страшнай аварыі, арцыбіскуп-намінат дзякуючы намаганням спліцкіх медыкаў неўзабаве пайшоў на папраўку.

Ужо 1 мая 2019 года яго наведаў у шпіталі кардынал Дзяржсакратар П’етро Паралін.

Фота: Jabuka.tv

У шпіталі Антэ Ёзіча наведалі таксама бацькі маладога чалавека, які загінуў у аварыі.

«Яны сказалі мне, што вельмі шкадуюць аб тым, што здарылася, а я выказаў ім спачуванні з прычыны смерці сына», — сказаў арцыбіскуп-намінат у інтэрв’ю Jabuka.tv. Як толькі дазволіў стан здароўя, Антэ Ёзіч цэлебраваў святую Імшу за супакой душы кіроўцы, які загінуў, а выйшаўшы са шпіталя, памаліўся таксама на яго магіле.

Абноўлена 22.05.2020 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа