21 мая Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупа-наміната Антэ Ёзіча.
Пра гэта са спасылкай на афіцыйныя крыніцы Святога Пасаду паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Антэ Ёзіч нарадзіўся 16 студзеня 1967 у горадзе Трыль (Харватыя). Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 28 чэрвеня 1992 г. як святар Спліт-Макарскай архідыяцэзіі. У 1995 г. пачаў рыхтавацца да дыпламатычнай службы ў Папскай дыпламатычнай акадэміі. З 1999 г. працаваў у Апостальскай нунцыятуры ў Індыі. З 2003 г. па 2009 г. быў сакратаром нунцыятуры ў Расіі. У 2009 г. стаў дарадцам нунцыятуры ў Філіпінах.
2 лютага 2019 г. Папа прызначыў кс. Антэ Ёзіча Апостальскім нунцыем у Кот-д’Івуары і тытулярным арцыбіскупам Цысы.
Біскупскае пасвячэнне яму павінен быў удзяліць 1 мая 2019 г. кардынал Дзяржсакратар П’етро Паралін. Аднак 7 красавіка 2019 г. арцыбіскуп-намінат трапіў у аўтамабільную аварыю каля Спліта, пасля якой апынуўся ў шпіталі ў крытычным стане.
22 студзеня арцыбіскуп Ёзіч сустрэўся з Папам Францішкам.
Яго біскупскае пасвячэнне павінна было адбыцца 21 сакавіка ў базыліцы святога Пятра, аднак было адзкладзена з прычыны пандэміі COVID-19.
Як паведаміў Catholic.by Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь кс. Махэр Шаммас, новапрызначаны Апостальскі нунцый валодае акрамя роднай, харвацкай, таксама італьянскай, англійскай, іспанскай, французскай, партугальскай, нямецкай, кітайскай, рускай і польскай мовамі.
Беларуская рэдакцыя Vatican News нагадвае, што арцыбіскуп Антэ Ёзіч стаў другім харвацкім іерархам на пасадзе Апостальскага нунцыя ў Беларусі. З 15 верасня 2004 г. па 15 ліпеня 2011 г. дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду ў краіне ўзначальваў арцыбіскуп Марцін Відавіч. Цікавы факт, што ён таксама належаў да Спліт-Макарскай архідыяцэзіі.