Пошук

26.07.2024 10:57   Catholic.by
Фота Антона Насовіча

19 ліпеня Святы Айцец Папа Францішак прызначыў ксяндза каноніка Андрэя Зноску з Ліды дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.

Функцыі дапаможнага біскупа акрэслены кананічным правам.

Так, у каноне 403 гаворыцца, што калі да гэтага схіляюць пастырскія патрэбы дыяцэзіі, па просьбе дыяцэзіяльнага біскупа можа быць прызначаны адзін або некалькі дапаможных біскупаў, прычым дапаможны біскуп не мае права наступства, у адрозненне ад біскупа каад’ютара, надзеленага спецыяльнымі паўнамоцтвамі і з правам наступства, якім у Беларусі з’яўляецца біскуп Уладзімір Гуляй.

Біскуп-каад’ютар і дапаможны біскуп дапамагаюць дыяцэзіяльнаму біскупу ва ўсім кіраванні дыяцэзіяй, а таксама замяшчаюць яго падчас адсутнасці або пры наяўнасці перашкодаў (пар. канон 405).

Дыяцэзіяльнаму біскупу пры разглядзе найбольш важных пытанняў, асабліва пастырскага характару, кананічнае права наказвае раіцца найперш з дапаможнымі біскупамі (пар. канон 407).

Скрадзін у Харватыі. Фота: Wikimedia

Біскупы, якім не даручана апека над дыяцэзіяй (пар. канон 376), напрыклад Апостальскія нунцыі і дапаможныя біскупы, называюцца тытулярнымі біскупамі. Таму ім у дадатак да пэўнага служэння надаецца тытул біскупа гістарычных месцаў.

Такім чынам, біскуп намінат Андрэй Зноска атрымаў тытулярную катэдру Скардоны — гістарычнай дыяцэзіі на тэрыторыі Харватыі, сучасны Скрадзін.

Былы тытулярны біскуп Скардоны, дапаможны біскуп Манрэаля на пенсіі Жуд Сэнт-Антуан памёр 10 снежня 2023 года. Ён насіў тытул пастыра гістарычнай харвацкай дыяцэзіі больш за сорак гадоў, з моманту свайго прызначэння біскупам 20 сакавіка 1981 года. Да яго тытулярнымі біскупамі Скардоны былі Кандзідо Ларэнцо Гансалес з Бразіліі (5 снежня 1969 г. – 26 мая 1978 г.) і Энтані Майкл Піла з ЗША (30 чэрвеня 1979 г. – 13 лістапада 1980 г.).

Герб Скардоны (Скрадзіна) / Wikimedia
Першы ўспамін у летапісах пра Скардонскае біскупства адносіцца да VI стагоддзя. У 928 годзе, пасля Другога Спліцкага сабору, 1100-годдзе якога будзе адзначацца ў 2025 годзе, біскуп Гргур заняў біскупскую катэдру ў Скардоне. Да 1813 года на ёй знаходзіліся 46 біскупаў. Дыяцэзія была скасаваная Папам Львом XII у 1828 годзе булай Locum beati Petri, якая рэгламентуе касцёльнае кіраванне ў Далмацыі. Тэрыторыя скасаванай дыяцэзіі была далучана да Шыбенскай дыяцэзіі.

У памяць аб ранейшай біскупскай сталіцы скрадзінскія пробашчы пэўны час насілі мітру, хоць і не былі біскупамі.

Скрадзін стаў тытулярнай біскупскай сталіцай у 1933 годзе пад лацінскай назвай Diœcesis Scardonensis.

Абноўлена 26.07.2024 10:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа