Пошук

09.03.2020 16:31   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

9 сакавіка ў Мінску з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прайшла прэс-канферэнцыя па выніках збору подпісаў у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і супраць прапаганды гомасексуалізму і іншых палавых ненармальнасцяў непаўналетнім.

Гэтая грамадская ініцыятыва была падтрыманая як Каталіцкім Касцёлам на Беларусі, так і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Ва ўступным слове Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч растлумачыў пазіцыю Касцёла па пытанні прапаганды амаральных паводзінаў.

«Я хацеў бы тут звярнуцца да словаў Святога Пісання, Евангелля паводле Мацвея, дзе Езус Хрыстус кажа, што бяда чалавеку, які спакушае непаўналетняга: лепей прывязаць яму камень да шыі і ўкінуць у мора [пар. Мц 18, 6]. Гэтыя словы Езуса Хрыста нагадваюць нам, што мы павінны быць вельмі адказнымі ў выхаванні моладзі.

Моладзь — гэта будучыня Касцёла, будучыня Царквы, будучыня ўсяго свету, таксама будучыня нашага беларускага грамадства. На якім базісе яна будзе выхавана, такой яна будзе», — сказаў іерарх, акрэсліваючы важнасць закранутага пытання, якое, па сутнасці, датычыцца выхавання падрастаючага пакалення на хрысціянскіх каштоўнасцях.

«Ініцыятыва дабрачыннага фонду „Адкрытыя сэрцы“ — гэта для мяне не што іншае, як крык сэрца і душы бацькоў, якія заклапочаны выхаваннем сваіх дзяцей, выхаваннем маладога пакалення. Касцёл падтрымаў гэтую ініцыятыву, бо яна адпавядае вучэнню Езуса Хрыста.

<…> Касцёл у Беларусі не прыдумаў чагосьці свайго, не прыдумаў Кандрусевіч ці хтосьці іншы. Гэта — Божы закон, і мы грунтуемся на ім. Таму тая самая пазіцыя ў Каталіцкага Касцёла і ў Праваслаўнай Царквы: мы баронім хрысціянскія каштоўнасці.

Таму на збор подпісаў трэба глядзець не як на тое, што мы супраць кагосьці — ніхто не супраць кагосьці, — а за абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Кім для мяне з’яўляюцца людзі нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі? Гэта мае браты і сёстры!Я павінен да іх адносіцца з павагай і я адношуся да іх з павагай. Я ніколі, і Каталіцкі Касцёл на Беларусі ніколі не казаў, што трэба кагосьці пераследаваць: абсалютна.

Але ёсць праблема граху. Гэта тое самае, скажам, што п’яніца, што наркаман. Найперш я гляджу на яго як на чалавека, але я не ўсхваляю, і ніхто не ўсхваляе п’янства, наркаманіі. Таксама і тут: калі распачынаецца грэх, мы не можам пагадзіцца.

Ніхто не выганяе з Касцёла (перапрашаю за такое слова) чалавека з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй, ён можа прыходзіць у касцёл, можа маліцца, прыступаць да споведзі, прымаць святую Камунію, аднак мы не можам усхваляць грэх», — падкрэсліў арцыпастыр, дадаўшы, што Каталіцкі Касцёл хоча дапамагчы кожнаму такому чалавеку.

Іерарх прывёў вынікі навуковых доследаў, якія выявілі, што гомасексуальнасць нярэдка становіцца наступствам адмоўнага ўплыву асяроддзя, няправільнага выхавання.

У выніку падобныя захады, скіраваныя на тое, каб абараніць дзяцей і падлеткаў ад прапаганды амаральных паводзінаў і палавых ненармальнасцяў, прадпрымаюцца Касцёлам не толькі на Беларусі, але і на Захадзе, у прыватнасці, у Вялікабрытаніі.

Разам з тым існуе пастырская апека людзей з гомасексуальнасцю, мэтаю якой з’яўляецца растлумачыць чалавеку тое, што з ім насамрэч адбываецца, і дапамагчы яму знайсці выйсце са складанай жыццёвай сітуацыі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што раней ужо не раз казаў пра неабходнасць душпастырства людзей з гомасексуальнасцю, у прыватнасці, на сустрэчы з моладдзю, якая праходзіла 6 лютага ў Чырвоным касцёле ў Мінску. У выніку з боку аднаго з прадстаўнікоў улады прагучала абвінавачванне іерарха ў тым, што ён прапагандуе гомасексуалізм. На думку іерарха, для таго, каб правільна разумець і ацэньваць гэтыя складаныя пытанні, неабходна праводзіць такія сустрэчы.

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату не абмінуў і пытання распаўсюджвання і прасоўвання гендарнай ідэалогіі, якую нядаўна Папа Францішак назваў «адной з галоўных праяваў зла ў свеце».

Часта таксама выказванні Святога Айца памылкова ці наўмысна скажаюць, надаючы ім іншы сэнс ці афарбоўку, вырываючы іх з кантэксту.

Як прыклад арцыбіскуп Кандрусевіч прывёў славутае выказванне Пантыфіка на прэс-канферэнцыі на борце самалёта падчас вяртання ў Рым з Рыа-дэ-Жанэйра. Некаторыя людзі, спасылаючыся на гэтыя словы, прапускаюць тое, што тады Святы Айцец назваў злом «лабіраванне гомасексуалізму», а калі хтосьці з’яўляецца гомасексуалістам і шукае Бога, мае добрую волю, «то кім я з’яўляюся, каб яго судзіць?» — нагадаў беларускі іерарх сутнасць выказвання пастыра паўсюднага Касцёла.

Напрыканцы партал Catholic.by папрасіў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча супакоіць людзей, у якіх падтрымка Касцёлам збору подпісаў супраць прапаганды гомасексуалізму непаўналетнім выклікала незразуменне і страх, паколькі яны самі або іх дзеці сутыкнуліся з праблемай нетрадыцыйнай арыентацыі.

«Мы хочам дапамагчы; мы не асуджаем самога чалавека — асуджаем грэх. <…> Касцёл на Беларусі, як і ва ўсім свеце, мае групы АА («Ананімных алкаголікаў»), якія прыходзяць і знаходзяць у Касцёле падтрымку і духоўную дапамогу, каб выйсці з гэтага.

Таму Касцёл арганізуе таксама душпастырства людзей з гомасексуальнасцю. Асабіста да мяне такія людзі ўжо падыходзілі, з такімі схільнасцямі. <…> Святар ім дапамагае, і не адзін чалавек ужо з гэтага выйшаў. У нас гэтае пастырства ёсць, напэўна, не так шырока, як у Польшчы, Англіі, Італіі — у нас яшчэ мала святароў. Аднак гэта ёсць ужо, і кожны можа падысці да мяне, можа падысці да іншага святара са спецыяльнай падрыхтоўкай, і людзям дапамагаюць выйсці з гэтай бяды».

Абноўлена 10.03.2020 16:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.