6 лютага ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены прайшла сустрэча моладзі з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у выглядзе дыялогу на тэму «Касцёл і сям’я. Складаныя маральныя пытанні».
Падчас сустрэчы ў Чырвоным касцёле Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з дапамогай душпастыра моладзі ксяндза Кірыла Бардонава, спецыяліста ў галіне кананічнага права, і душпастыра сем’яў ксяндза Сяргея Дабрагоста з супольнасці Місіянераў Святой Сям’і за паўтары гадзіны адказаў на тры дзясяткі пытанняў, якія былі па сэнсе падзелены на групы.
- Як веруючаму хлопцу ці веруючай дзяўчыне знайсці «сваю палавінку»?
- Ці можна хрысціяніну жыць і будаваць адносіны з няверуючым?
- Што рабіць, калі ў адносінах няма ўзаемнасці?
- Ці ісці на вяселле без касцёльнага шлюбу?
- Як сябе паводзіць, калі сям’я распадаецца або калі далейшае сумеснае жыццё з сужонкам становіцца немагчымым?
- Што з’яўляецца маральна недапушчальным у інтымных адносінах сужонкаў?
- Ці прызнавацца сужонку ў выпадковым граху чужалоства?
- З-за чаго людзі кідаюць святарства ці манаскае жыццё?
- Як паводзіць сябе дзяўчыне, якая закахалася ў святара?
- Што дрэннага ў ЭКА?
- Чаму ў Мінску забаранілі марш у абарону сямейных каштоўнасцяў?
- Ці ў ХХІ стагоддзі не змяніліся ролі мужчыны і жанчыны ў сям’і?
- Навошта Касцёл так шмат увагі прысвячае пытанням гендару, калі ў Беларусі няма прапагадны ЛГБТ?
- У чым сэнс жыцця гомасексуаліста?
- Чаму ў Беларусі так мала экзарцыстаў?
Як відаць з пералічаных пытанняў (а іх было нашмат больш), у дыялогу з Мітрапалітам закраналіся самыя розныя аспекты акрэсленай тэматыкі.
Паколькі кожны чалавек так ці інакш сустракаецца з гэтым у жыцці, мы прапануем відэазапіс размовы з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які адказвае на хвалюючыя ўсіх пытанні.