Пошук

09.03.2020 18:26   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

9 сакавіка ў Мінску з удзелам прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы прайшла прэс-канферэнцыя па выніках збору подпісаў у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і супраць прапаганды гомасексуалізму і іншых палавых ненармальнасцяў непаўналетнім.

Збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта быў ініцыяваны дабрачынным фондам «Адкрытыя сэрцы» і падтрыманы Каталіцкім Касцёлам на Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквой. У звароце да прэзідэнта тыя, хто яго падпісалі, просяць кіраўніка дзяржавы прыняць нацыянальную надведамасную праграму ў абарону традыцыйнай сям’і і выступіць з заканадаўчай ініцыятывай аб забароне прапаганды аднаполых зносін сярод непаўналетніх.

Усяго з восені было сабрана 52 тысячы 600 подпісаў грамадзянаў, якія ў бліжэйшы час будуць перададзены ў адміністрацыю прэзідэнта.

У прэс-канферэнцыі ўзяў удзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Андрэй Лемяшонак, а таксама дырэктар дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч.

Па запрашэнні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прэс-канферэнцыя распачалася з супольнай малітвы ўсіх хрысціянаў — «Ойча наш», пасля чаго Уладзіслаў Валаховіч растлумачыў мэту ініцыятывы па зборы подпісаў і разуменне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Пад гэтым выразам разумеецца цнатлівасць да шлюбу, вернасць у сужэнстве, шматдзетнасць, адкрытасць для нараджэння кожнага дзіцяці, павага да старэйшых.

«Мы не выступаем супраць кагосьці: мы абараняем нашых дзяцей, вызначаем межы, за якія нельга заходзіць. <…> Тое, чаго раней немагчыма было нават уявіць, сёння здаецца чымсьці арыгінальным, а магчыма, нават прыцягальным, асабліва для моладзі. Па выніку збору подпісаў нам стала зразумелым, што беларусы ў сваёй большасці падзяляюць гэтую нашую ініцыятыву.

<…> Подпісы, якія вы бачыце на стале, складаюцца з трох частак. Гэта подпісы проста неабыякавых людзей, да якіх падыходзілі на вуліцы і яны выказваліся за тое, каб абараніць дзяцей ад ЛГБТ-прапаганды. Другая частка — гэта подпісы практыкуючых католікаў, сабраныя пры касцёлах, а трэцяя частка — подпісы праваслаўных практыкуючых вернікаў. Цяпер подпісы перадаюцца ў адміністрацыю прэзідэнта, і мы чакаем канкрэтных заканадаўчых ініцыятываў.

Мы не гуляемся ў палітыку, а проста акрэсліваем нашую пазіцыю».

Дырэктар дабрачыннага фонду, які займаецца абаронай жыцця, звярнуў увагу на тое, што сёння перадусім у віртуальнай прасторы, дзе «жыве» сучасная моладзь, ідзе масаваная атака ЛГБТ-прапаганды на маладое пакаленне. Праявы гэтай прапаганды і гендарнай ідэалогіі, на жаль, сталі часткай сённяшніх рэалій таксама ў Беларусі і прасоўваюцца нават аўтарытэтнымі міжнароднымі структурамі.

Уладзіслаў Валаховіч падкрэсліў пры гэтым, што, хоць беларуская ініцыятыва падобная да таго, што ўжо прынята і дзейнічае ў Расіі, яна, тым не менш, з’яўляецца выразам і праявай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

«Мы тут за традыцыйную сям’ю», — сцвердзіў ініцыятар збору подпісаў, падкрэсліўшы агульначалавечы характар ініцыятывы. Домыслы ў духу канспіралагічных тэорый пра тое, што збор подпісаў ажыццяўляўся «ў перапісцы» з нейкімі міфічнымі «ўльтраправымі празаходнімі арганізацыямі», Уладзіслаў Валаховіч рашуча абверг, адзначыўшы, што гэта выключна мясцовая ініцыятыва.

У кароткай прамове арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч растлумачыў пазіцыю Каталіцкага Касцёла ў падтрымку традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, падкрэсліўшы пры гэтым, што людзі нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі — гэта нашыя браты і сёстры, і іх ніхто не спрабуе дыскрымінаваць.

Айцец протаіерэй Андрэй Лемяшонак падзякаваў Уладзіславу Валаховічу за ініцыятыву фонду «Адкрытыя сэрцы», якую падтрымала таксама Беларуская Праваслаўная Царква.

«Калі я пачуў, што збіраюцца подпісы ў абарону сям’і, у абарону нашай будучыні, я, канечне, не мог застацца абыякавым.

<…> Вопыт любові — гэта пачатак жыцця чалавека. Калі разбурыць тое, што дадзена нам Богам, што будзе далей? А ці ёсць тады наогул будучыня ў нас, у нашай краіны, ва ўсяго чалавецтва? Таму я думаю, у нас, якія тут сабраліся, наогул не павінна быць ніякіх супярэчнасцяў, калі быць у здаровым сэнсе».

Святар зазначыў, што нездаровыя, паталагічныя схільнасці з’явіліся ў чалавеку ў выніку грэхападзення і што іх ні ў якім выпадку немагчыма лічыць нормай. Са свайго душпастырскага вопыту айцец Андрэй распавёў, што некаторыя людзі з падобнымі схільнасцямі перажылі навяртанне і з дапамогаю Божай ласкі змаглі стварыць нармальныя сем’і.

«Разбурыць сям’ю, знішчыць любоў мамы і таты, пазбавіць дзіця нармальных сямейных адносінаў: а што далей? Шкада людзей, якія пакутуюць ад такіх нездаровых схільнасцяў і спрабуюць на гэтым паталагічным стане будаваць сваё жыццё. Напэўна, ніхто з тут прысутных не хацеў бы, каб яго дзеці былі ў такім паталагічным стане.

Задача Царквы — дапамагчы людзям не заблукаць, не зайсці ў тупік, дзе няма будучыні.

Я думаю, нас пачуюць. Грамадзянскі абавязак кожнага падтрымаць гэтую ініцыятыву. Справа не ў палітыцы: гэта проста чалавек, якога стварыў Бог; гэта сям’я, без якой — наогул усё, канец свету», — падкрэсліў святар, нагадаўшы прысутным на прэс-канферэнцыі журналістам пра асабістую адказнасць перад сумленнем і перад Богам за тое, што пішацца ў СМІ на гэтыя тэмы.

      

 

Абноўлена 10.03.2020 17:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа