Пошук

10.02.2020 12:43   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Remo Casilli / Archives Reuters

У кнізе-інтэрв’ю, прысвечанай святому Яну Паўлу ІІ, якая з’явіцца ў продажы 11 лютага, Папа Францішак выказаўся на тэму гендарнай ідэалогіі, якую назваў адною з галоўных праяваў зла ў сучасным свеце.

Як са спасылкай на апублікаваныя ў італьянскай прэсе фрагменты кнігі паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, на думку Папы гэтая ідэалогія імкнецца ў корані знішчыць творчую задуму Бога для кожнага з нас; учыніць, каб усё было аднастайным, ніякім. Гэта напад на разнастайнасць, на крэатыўнасць Бога, на мужчыну і жанчыну, лічыць Святы Айцец і дадае, што гэтая ідэалогія не лічыцца з рэчаіснасцю, з сапраўднай разнастайнасцю асобаў, з непаўторным і выключным характарам кожнага з нас.

«Не знішчэнне адрозненняў прывядзе да таго, што мы станем бліжэй адно да аднаго, а прыманне іншага ў яго непадобнасці, адкрыццё багацця, якім з’яўляецца яго адрознасць», — падкрэсліў Пантыфік.

Гаворачы пра гендарную ідэалогію, Папа Францішак адзначыў, што хрысціянства заўсёды аддае першынство фактам, а не ідэям. Гендар жа, на думку Святога Айца, праяўляецца як ідэя, якая жадае навязаць сябе рэчаіснасці, прычым несумленна. Гэтая ідэалогія падрывае асновы чалавецтва ва ўсіх асяроддзях і ва ўсіх сферах адукацыі; становіцца культурным дыктатам, які навязваецца некаторымі дзяржавамі як адзіна магчымы шлях культуры, да якога неабходна дастасавацца.

Пастыр паўсюднага Касцёла пры гэтым заўважыў, што гаворыць гэта не для таго, каб кагосьці дыскрымінаваць, і не адносіць гэтых словаў да асоб гомасексуальнай арыентацыі, якім, як гаворыць Катэхізіс, неабходна спадарожнічаць і атуліць іх душпастырскай апекай.

У апублікаваных фрагментах кнігі-інтэрв’ю Папа Францішак таксама абараняе святога Яна Паўла ІІ ад абвінавачванняў у нібыта «занадта духоўнай» інтэрпрэтацыі гістарычных падзей, як, напрыклад, у выпадку замаху на яго жыццё ў 1981 годзе, у якім ён бачыў выкананне фацімскіх прароцтваў.

Пантыфік пры гэтым падкрэсліў, што святы Ян Павел ІІ быў «чалавекам Божым, чалавекам малітвы». Дастаткова было ўбачыць, як ён маліўся, каб зразумець, што ён цалкам пагружаўся ў таямніцы Бога. А той, хто моліцца, зазначыў Папа Францішак, можа бачыць падзеі ў іх трансцэндэнтным вымярэнні, не задавольваючыся толькі іх разумовым аналізам. Таму не маюць рацыі тыя, хто занадта павярхоўна глядзіць на гістарычныя падзеі, лічыць Папа Францішак.

Абноўлена 10.02.2020 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.