Пошук

06.02.2020 16:02   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ян Павел ІІ і кардынал Хорхэ Марыё Бэргольё — будучы Папа Францішак / Фота: ASSOCIATED PRESS / East News

11 лютага ў італьянскіх кнігарнях з’явіцца кніга-інтэрв’ю Папы Францішка, якая называецца «Святы Ян Павел Вялікі» і прысвечана асобе папярэдніка сённяшняга наступніка святога Пятра.

У фрагментах інтэрв’ю, якія за тыдзень да выхаду ў свет выдання апублікавала італьянская газета La Stampa, Святы Айцец адназначна запэўнівае ў тым, што ў разуменні святарства цалкам падзяляе бачанне святога Яна Паўла ІІ. Гэта датычыцца таксама і цэлібату, які пастыр паўсюднага Касцёла лічыць «ласкаю, а не абмежаваннем», адзначае польская рэдакцыя парталу Vatican News, прыводзячы словы Папы Францішка.

«Я ўпэўнены, што цэлібат — гэта дар, ласка, і што, ідучы следам за Паўлам VI, Янам Паўлам ІІ і Бэнэдыктам XVI, я з усёю моцаю адчуваю сваім абавязкам думаць пра цэлібат як пра істотную ласку, уласцівую лацінскаму Каталіцкаму Касцёлу», — цытуе Святога Айца італьянскі штодзённік.

Папа Францішак ужо неаднаразова выказваўся на гэтую тэму і запэўніваў, што не адчувае сябе ў праве адмяніць цэлібат. Аднак яшчэ адно пацвярджэнне сваёй пазіцыі Пантыфікам набывае асаблівае значэнне ў кантэксце нядаўняй кнігі кардынала Рабэра Сара, у якой змешчаны таксама тэкст Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI на тэму цэлібату.

Гэтую публікацыю, з якой было звязана пэўнае непаразуменне, некаторыя беспадстаўна спрабавалі прадставіць як быццам «палеміку» са Святым Айцом, маніпулюючы і свядома замоўчваючы той факт, што Папа Францішак ніколі не меў намеру адмяніць цэлібат у Каталіцкім Касцёле Лацінскага, або Рымскага абраду, хоць падобныя думкі выказваліся некаторымі прадстаўнікамі духавенства з Лацінскай Амерыкі і з радзімы Бэнэдыкта XVI.

Абноўлена 06.02.2020 16:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця