Пошук

10.02.2022 15:38   Паводле: КАІ / Catholic.by
Біскуп Рудольф Фадэрхольцэр. Фота: Maria Irl / KNA

Пра каштоўнасць святарскага цэлібату нагадаў у інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму парталу Die Tagespost біскуп Рэгенсбуржскі Рудольф Фадэрхольцэр.

Як паведаміла 10 лютага Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, на думку іерарха, адмена абавязковага цэлібату для рыма-каталіцкіх святароў, прапанаваная ўдзельнікамі пленарнага пасяджэння сінадальнага шляху, што праходзіць у гэтыя дні ў Франкфурце на Майне, не стане вырашэннем праблемы недахопу святароў, а замест гэтага створыць новыя цяжкасці.

Біскуп Фадэрхольцэр заўважыў, што цэлібат заўсёды прымаўся дабравольна як спосаб духоўнай плоднасці і сведчання дзеля Хрыста. Іерарх адзначыў, што жыццё ў цэлібаце зусім не падобнае да жыцця «ваўка-адзіночкі».

«У святарскай фармацыі з першага дня трэба даводзіць да свядомасці, што неабходна засвоіць такі стыль жыцця», — сказаў біскуп, які ў нямецкім каталіцкім епіскапаце з’яўляецца намеснікам старшыні камісіі веравучэння. Ён дадаў, што, гледзячы на шлях да святарскага жыцця, неабходна звярнуць увагу на дзве іншыя евангельскія парады, акрамя цэлібату: убоства і паслухмянасць, каб не трапіць у «буржуйскае халасцяцтва». Іерарх падкрэсліў неабходнасць будавання святарамі сяброўскіх адносін і супольнага жыцця.

Біскуп Рэгенсбурга лічыць, што жанатыя святары стварылі б новы выклік для Касцёла і парафіяльных супольнасцяў. Ён спаслаўся пры гэтым на мадэль усходніх Цэркваў, прыклад якіх прыводзіцца прыхільнікамі рэформы сінадальнага шляху, дзе жанаты мае магчымасць прыняць пасвячэнне, але пасля пасвячэння ўжо нельга ажаніцца, а таксама дзе цэлібат з’яўляецца абавязковай умовай для прыняцця біскупскага пасвячэння.

«Калі б дыяцэзіяльны святар дабравольна выбраў цэлібат на такіх умовах, ён дакладна б трапіў пад падазрэнне, што або з’яўляецца гомасексуалістам, або імкнецца стаць біскупам», — падкарэсліў біскуп Фадэрхольцэр. Таксама вопыт пратэстанцкіх і юдэйскіх супольнасцяў паказвае, што без абавязковага цэлібату могуць здарацца выпадкі «вымушанага сужэнства», калі святары «мімаходзь шукаюць сабе нявесту».

Рэгенсбуржскі біскуп сцвердзіў, што заўважае ўсё больш слабое разуменне сакрамэнтальнага служэння і прывёў як прыклад, што хтосьці, хто на працягу гадоў даглядае хворага чалавека, не можа ўдзяліць намашчэнне хворых. Гэта не «перабольшванне душпастырскага служэння», а толькі сцвярджэнне таго факту, што гэты сакрамэнт — дар Хрыста, падкрэсліў біскуп Рудольф Фадэрхольцэр.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.