![](/3/images/news/2020/01/2020-01-15-sarah_benedetto_copy.jpg)
Прэфект Папскага дома і асабісты сакратар Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI арцыбіскуп Георг Генсвайн паведаміў, што Бэнэдыкт XVI не даваў дазволу на пазначэнне сябе ў якасці суаўтара кнігі кардынала Рабэра Сара пра каштоўнасць цэлібату.
Пра гэта паведаміла 14 студзеня беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, якая перадала выказванне ватыканскага іерарха на гэтую тэму:
«Магу пацвердзіць, што сёння раніцай па ўказанні Папы на пенсіі я звярнуўся да кардынала Рабэра Сара з просьбай звязацца з выдавецтвам і папрасіць прыбраць імя Бэнэдыкта XVI як суаўтара кнігі, а таксама прыбраць яго подпіс з-пад прадмовы і эпілогу», — сказаў арцыбіскуп Генсвайн у каментары інфармацыйнаму агенцтву ANSA.
Паводле асабістага сакратара, Бэнэдыкт XVI ведаў, што кардынал Сара рыхтуе кнігу аб святарстве і даслаў яму кароткі тэкст, дазваляючы выкарыстаць яго паводле свайго меркавання. У той жа час ён не аўтарызаваў ніякага праекту кнігі, падпісанай сваім імем, не бачыў і не ўхваляў вокладкі.
«Гаворка ідзе пра непаразуменне, не ставячы пад сумнеў давер Папы на пенсіі да кардынала Сара», — падкрэсліў прэфект Папскага дома.
Кніга «З глыбіняў нашых сэрцаў» (арыгінал назвы па-французску: De profondeur de nos cœurs), значная частка якой прысвечана каштоўнасці святарскага цэлібату, была падрыхтавана французскім выдавецтвам Le Figaro. Яе з’яўленне на паліцах кнігарняў планавалася на сёння, 15 студзеня.