Пошук

14.01.2020 10:30   Паводле: dominus.by / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Рускатолик.рф

Пантыфік на пенсіі Бэнэдыкт XVI і кардынал Рабэр Сара ў суаўтарстве напісалі новую кнігу пра цэлібат, выступаючы супраць прэзбітэрскага пасвячэння жанатых мужчын у Рыма-Каталіцкім Касцёле.

Час з’яўлення гэтага выдання мае вялікае значэнне. Як паведамляе dominus.by, кніга папярэдзіла чаканую Апостальскую адгартацыю Папы Францішка па выніках нядаўняга Амазонскага Сіноду. У кастрычніку 2019 г. у Ватыкане адбылася сустрэча, на якой было прапанавана дазволіць пасвячэнне жанатых мужчын у прэзбітэры — штопраўда, з шэрагам умоў і абмежаванняў, — што стала б частковым незахаваннем прынцыпу цэлібату рыма-каталіцкага духавенства.

Кніга пад назвай «З глыбіняў нашых сэрцаў» (фр. De profondeur de nos cœurs), напісаная ў суаўтарстве Папы на пенсіі і прэфекта Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, будзе ўпершыню даступная для шырокай публікі на французскай мове 15 студзеня.

«Магчымасць адмовіцца ад сужэнства, каб цалкам аддаць сябе ў распараджэнне Пана, з’яўляецца крытэрыем святарскага служэння,

— піша Бэнэдыкт XVI у гэтай кнізе. — Што датычыцца канкрэтнай формы цэлібату ў старажытным Касцёле, трэба адзначыць, што жанатыя мужчыны маглі атрымаць сакрамэнт пасвячэння толькі ў выпадку сексуальнага ўстрымання, я маю на ўвазе так званы „шлюб Юзафа“ (незавершаны шлюб, у якім цалкам адсутнічаюць сексуальныя адносіны паміж сужэнцамі. Ён падобны да таго, які быў у святога Юзафа і Маці Божай. Такі шлюб яшчэ часам называюць «анёльскім». — Заўвага dominus.by.). Такая сітуацыя была цалкам нармальнай на працягу першых стагоддзяў».

Падчас Сіноду па Панамазонскім рэгіёне, які праходзіў у кастрычніку мінулага года, абмяркоўвалася ўвядзенне для гэтага рэгіёну выключэння ў неабходнасці захавання цэлібату, а менавіта магчымасць пасвячэння жанатых мужчын (viri probati — выпрабаваныя мужчыны: значыць тыя, хто мае сапраўдны шлюб, а не проста жыве з жанчынамі).

Пасля Сіноду нямецкія іерархі заявілі, што, калі выключэнне будзе зроблена для Амазоніі, яны таксама паспрабуюць прапанаваць падобную ідэю для Германіі.

Пазіцыя Папы Францішка па пытанні частковай адмены цэлібату ў Рыма-Каталіцкім Касцёле не вызначана канчаткова.

У студзені 2019 г. падчас прэс-канферэнцыі пасля вяртання з Панамы Пантыфік сказаў, што ён «асабіста» лічыць, што «цэлібат — гэта дар Касцёлу» і «не згодзен з тым, каб зрабіць цэлібат факультатыўным».

Але дадаў, што мог бы прадугледзець «некаторыя магчымасці для вельмі аддаленых месцаў», як, напрыклад, астравы Ціхага акіяну, дзе існуе «пастырская неабходнасць».

Гэтая пазіцыя была адлюстравана ў выніковым дакуменце Сіноду па Панамазонскім рэгіёне. У раздзеле 111-м, прынятым большасцю ў дзве трэція, аўтары сцвярджаюць: «Мы цэнім бясшлюбнасць як Божы дар (SC1967 1) у той ступені, у якой гэты дар дазваляе місіянеру, які атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, цалкам прысвяціць сябе служэнню Божаму народу».

Аднак у дакуменце далей адзначалася, што «некаторыя (айцы Сіноду) выступалі за больш універсальны падыход да гэтага пытання», і таму прапаноўвалася, каб «адпаведныя і паважаныя мужчыны з супольнасці з законна сфармаванай і стабільнай сям’ёй, якія б ужо атрымалі пасвячэнне дыяканату і атрымалі адпаведную для прэзбітэра адукацыю», прымалі прэзбітэрскае пасвячэнне, «каб падтрымліваць жыццё хрысціянскай супольнасці <…> у самых аддаленых раёнах Амазонскага рэгіёну».

Новая кніга Папы на пенсіі і кардынала Рабэра Сара выходзіць на фоне дыскусіі пра жанатае духавенства, адкрытай Папам Францішкам, і з’яўляецца голасам тых, хто не дапускае падобных кампрамісаў з цэлібатам.

«Я не магу згодна з сумленнем, як сын Афрыкі, падтрымаць ідэю аб тым, што народы на шляху евангелізацыі павінны быць пазбаўлены гэтай сустрэчы са святарствам, якое жыве ў поўнай меры, — піша кардынал Сара ў гэтай кнізе. — Народы Амазоніі маюць права на поўнае перажыванне Хрыста-Жаніха. Ім не могуць быць прапанаваны „святары другога гатунку“. Наадварот, чым маладзейшы Касцёл, тым больш яму трэба адпавядаць радыкальнай прыродзе Евангелля».

Кніга выходзіць таксама на фоне крызісу святарскай фармацыі і скандалаў, звязаных з сексуальнымі злачынствамі, у тым ліку сітуацыі з былым кардыналам Тэадорам Эдгарам Маккэрыкам, які быў прызнаны Святым Пасадам вінаватым у педафіліі і пазбаўлены святарскага сану.

Ва ўводзінах Папа на пенсіі і гвінейскі кардынал тлумачаць, што новае выданне нарадзілася з маўчання, малітвы і серыі гутарак і лістоў, якімі яны абмяняліся ў апошнія месяцы. Разам з доктарам Касцёла IV стагоддзя святым Аўрэліем Аўгустынам яны кажуць: «Я не магу маўчаць! Я ведаю, наколькі згубным было б маўчанне для мяне.

Паколькі я не хачу загразаць у касцёльнай пашане, але думаю, што менавіта Хрысту, першаму з пастыраў, я павінен буду распавесці пра авечак, даручаных майму клопату».

Як толькі навіны пра кнігу з’явіліся на французскай мове, было заяўлена, што выдавецтва Ignatius Press апублікуе яе на англійскай пад назвай «З глыбіняў нашых сэрцаў: святарства, цэлібат і крызіс у Каталіцкім Касцёле». «Іх кніга не толькі пра цэлібат, што само па сабе важна, — адзначыў заснавальнік і рэдактар Ignatius Press а. Джозеф Фэсіё SI. — Гаворка ідзе пра тое, што, як сказаў у сваім першым абзацы Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI, „святарства перажывае працяглы крызіс шмат гадоў“. Але напісана ў кнізе не толькі пра яго: у ёй ёсць месца і думкам пра прыроду Касцёла і хрысціянскага веравучэння. Гэта кніга, якую павінны прачытаць усе. Яна вельмі моцная і асабістая — сапраўды „з глыбіняў іх сэрцаў“».

Абноўлена 14.01.2020 13:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця