Пошук

06.03.2020 19:44   Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Аdobestock.com

5 лютага «Радыё Свабода» паведаміла пра тое, што пэўная група грамадзянаў апублікавала ў сеціве адкрыты ліст на імя Папы Францішка, у якім абвінавачвае Касцёл на Беларусі і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў меркаваным «пераследзе гомасексуалаў».

Група «Идентичность и право», якая пазіцыянуе сябе як «праваабарончая», абвінавачвае Касцёл на Беларусі ў зборы подпісаў «за дыскрымінацыю ЛГБТ-людзей» і ў нібыта «пераследзе» людзей з гомасексуальнасцю.

Падобныя абвінавачванні грунтуюцца на домыслах згаданай групы і насамрэч скажаюць сутнасць як вучэння Касцёла, так і выказванняў яго прадстаўнікоў.

Гаворачы на поўны голас пра недапушчальнасць распаўсюджвання гендарнай ідэалогіі і асабліва ЛГБТ-прапаганды сярод падрастаючага пакалення, Касцёл на Беларусі і яго прадстаўнікі пры гэтым ніякім чынам не маюць намеру шальмаваць, стыгматызаваць ці адштурхнуць ад Хрыста і Яго любові ніводнага чалавека.

Акрамя таго, ініцыятарам збору подпісаў пад зваротам да прэзідэнта аб прыняцці адмысловай праграмы ў абарону традыцыйнай сям’і і заканадаўчай забароны прапаганды аднаполых зносін сярод непаўнагадовых, што так абурыў аўтараў згаданага ліста да Папы Францішка, выступіў дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы», які не з’яўляецца структурай Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Ініцыятыва грамадзянаў, скіраваная не на дыскрымінацыю людзей з гомасексуальнасцю, а на абарону непаўнагадовых ад прапаганды палавых ненармальнасцяў, была падтрымана Экспертнай радай па пытаннях абароны жыцця i сям’i пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Разам з тым Касцёл і яго структуры ніколі і ні пад якім выглядам не заклікалі і не заклікаюць да дыскрымінацыі нейкіх груп людзей, у тым ліку ЛГБТ.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якога ў лісце абвінавачваюць у тым, што ён нібы «распальвае ў людзях нянавісць, выстаўляючы адну групу людзей як ворагаў», насамрэч выступіў з прапановай выйсці насустрач людзям, якія адчуваюць сябе найбольш безабароннымі перад абліччам складанай жыццёвай сітуацыі.

Абвінавачванне іерарха ў «распальванні нянавісці» з’яўляецца паклёпніцкім і недапушчальным, тым больш, што за падобныя дзеянні заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць (гл. артыкул 130 Крымінальнага кодэксу РБ).

Выказванні беларускіх каталіцкіх іерархаў на тэму гендарнай ідэалогіі і людзей з гомасексуальнасцю не супярэчаць нацыянальнаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь, міжнародным прававым нормам і ідуць у рэчышчы маральнага вучэння Каталіцкага Касцёла, якое грунтуецца на натуральным і Божым законе, аб’яўленым у Святым Пісанні і замацаваным у хрысціянскай Апостальскай Традыцыі.

Гэта вучэнне ўсяго Касцёла, гарантам аўтэнтычнасці і інтэгральнасці якога з’яўляецца Папа Францішак.

Прычынай, па якой Экспертная рада па пытаннях абароны жыцця i сям’i пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падтрымала ініцыятыву збору подпісаў з просьбай аб забароне прапаганды і публічнай дэманстрацыі гомасексуалізму і іншых палавых ненармальнасцяў непаўнагадовым, было імкненне абараніць права дзяцей і іх бацькоў на выхаванне на прынцыпах традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і забяспечыць палавую недатыкальнасць непаўнагадовых, якой сёння пагражаюць некаторыя амаральныя псеўдаадукацыйныя праекты.

Кваліфікаваная экспертная ацэнка можа даць адказ на пытанне, ці ўтрымліваюцца ў выказваннях прадстаўнікоў Касцёла «заклікі да нянавісці» або ў апублікаваным групай «Идентичность и право» адкрытым лісце падаюцца паклёпніцкія звесткі.

Прадстаўнікі Экспертнай рады па пытаннях абароны жыцця i сям’i пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрашаюць усіх зацікаўленых у бесстароннім і аб’ектыўным асвятленні гэтага пытання на прэс-канферэнцыю па выніках збору подпісаў супраць прапаганды гомасексуалізму, якая пройдзе ў Мінску 9 сакавіка.

Абноўлена 07.03.2020 11:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця