Шляхам Касцёла з’яўляецца чалавек, казаў святы Ян Павел ІІ, успамін якога адзначаецца 22 кастрычніка. Таму Касцёл сёння, як і ў мінулыя часы, рашуча выступае супраць кожнай ідэалогіі, якая імкнецца знішчыць чалавека або нейкім чынам яму пашкодзіць.
…Ішоў 1937 год. У Германіі напоўніцу набіраў сілу нацызм — страшэнная нялюдская ідэалогія. Прарочым вокам папа Пій ХІ, а таксама ягоныя паплечнікі, сярод якіх быў і яго наступнік на пасадзе святога Пятра кардынал Эўджэніё Пачэллі — будучы папа Пій ХІІ, — прадбачылі, да якіх знішчальных наступстваў можа прывесці нацысцкая ідэлогія. З вялікай занепакоенасцю Святы Айцец у сваёй энцыкліцы, якая па-нямецку так і называлася — Mit brennender Sorge — імкнуўся папярэдзіць усё чалавецтва пра тое, што нацызм як ідэалогія «скажае задуманы і створаны Богам свет».
Гісторыя коштам мільёнаў нявінна загубленых у імя нялюдскай нацысцкай ідэалогіі чалавечых жыццяў пацвердзіла справядлівасць заклапочанасці папы Пія ХІ.
Сёння кожны нармальны немец адчувае асабісты сорам і боль, успамінаючы тыя ганебныя старонкі гісторыі свайго народа, звязаныя з імем дыктатара, якім у юбілейную 75-ю гадавіну вызвалення нашай Бацькаўшчыны ад той чумы не хочацца нават пэцкаць вуснаў. Але ж у тыя часы многім у Германіі здавалася, што нацызм дасць нямецкаму народу сапраўдную веліч і ўздым.
Чалавеку ўласціва памыляцца. Мы часам прымаем за дабро тое, што насамрэч нам шкодзіць. Узяць хоць бы алкаголь. Віно — той напой, у якім Хрыстус пакінуў на вечныя часы знак Новага Запавету, — становіцца атрутай для чалавека, які трапляе ад яго ў залежнасць.
За кілішкам у фешэнебельным рэстаране або модным бары мала хто думае пра магчымыя наступствы, да якіх можа прывесці рэгулярная выпіўка. Трапіць у залежнасць адносна лёгка, а выйсці з гэтай пасткі ўдаецца адзінкам. Разумеючы згубныя наступствы ўжывання алкаголю для паасобных людзей і ўсяго грамадства, сёння дзяржава ўводзіць абмежаванні на рэкламу алкагольнай прадукцыі і забарону яе продажу непаўнагадовым. Можа, і знойдзецца хтосьці нязгодны з такімі мерамі, але пераважная большасць людзей прызнае іх слушнымі і неабходнымі.
Але не ўсе разумеюць (ці не хочуць разумець), калі сёння Касцёл і шэраг грамадскіх аб’яднанняў гавораць пра небяспеку пашырэння гендарнай ідэалогіі, прапануючы абмежаваць прапаганду такога спрэчнага з Божай задумай стылю жыцця. Прычым, як паказваюць слоўныя баталіі ў сацыяльных сетках, незразуменне існуе з абодвух бакоў: як тых, хто незадаволены такой пазіцыяй Касцёла і прасямейных арганізацый, так і тых, хто з гэтымі незадаволенымі жорстка палемізуе.
Гаворка ідзе менавіта пра недапушчальнасць прапаганды пэўнай ідэалогіі, а не пра абмежаванне грамадзянскіх правоў ці пра стыгматызацыю той ці іншай групы насельніцтва.
У ХХІ стагоддзі Касцёл з вялікай заклапочанасцю імкнецца папярэдзіць чалавецтва пра небяспеку новай знішчальнай ідэалогіі, якая зноў «скажае задуманы і створаны Богам свет» і падрывае асновы існавання чалавечага роду.
Падобна нацысцкай заразе, гэтая ідэалогія таксама навязваецца пад узнёслымі лозунгамі барацьбы за правы чалавека, хоць насамрэч імкнецца пазбавіць чалавека самага асноўнага яго права, гарантаванага ўсімі міжнароднымі і нацыянальнымі законамі, — права на жыццё.
Тыя, хто жадае навязаць гендарныя погляды нашаму грамадству, перадусім моладзі, не спыняюцца перад выкарыстаннем любых сродкаў. Яны не саромеюцца маніпуляваць нават такімі святымі пачуццямі, як бацькоўская любоў і гуманізм. Сутнасць такіх маніпуляцый у тым, што, маўляў, Касцёл і прасямейныя арганізацыі «імкнуцца пакрыўдзіць» тых, хто і так пакрыўджаны.
Вядома, забарона рэкламы алкаголю не дапаможа алкаголіку вярнуцца да цвярозага жыцця. Але гэтая мера дапаможа камусьці не трапіць у згубную залежнасць. Магчыма, параўноўваць адхіленні ў арыентацыі з залежнасцю не зусім слушна, хоць псіхолагі і кажуць пра пэўнае падабенства гэтых з’яваў, аднак духоўныя наступствы аднаго і другога практычна аднолькавыя: разбурэнне маральнай асобы і пагроза збаўленню.
Што ж рабіць тым, хто мае так званую «нетрадыцыйную арыентацыю», і іх блізкім? Перадусім ведаць, што Бог іх любіць і што Касцёл заўсёды быў, ёсць і будзе іх першым абаронцам у духоўным змаганні з сіламі зла.
Духоўныя праблемы канкрэтных людзей, з чым бы яны ні былі звязаныя, — гэта заўсёды справа глыбока асабістая, якая патрабуе індывідуальнага падыходу і грунтоўнай духоўнай дапамогі. Кожны святар і нават кожны вернік абавязаны па меры сваіх сіл і магчымасцяў такую дапамогу аказваць.
Абсалютна недапушчальным з’яўляецца ўсялякае цкаванне чалавека, які трапіў у бяду, нават калі ён выклікае ў нас не самыя прыемныя эмоцыі, як, скажам, той, у кім вобраз і падабенства Божае моцна разбурыў алкаголь. Катэхізіс вучыць нас, хрысціянаў, настаўляць грэшнікаў і вучыць тых, хто не ведае, але заўсёды рабіць гэта далікатна і з любоўю. Разам з тым мы як вучні Езуса Хрыста ў імя абвешчанай Ім Божай Праўды не маем маральнага права дазваляць грашыць, а тым больш хваліць ці замоўчваць грэх.
Пры гэтым у духу настаўленняў святога апостала Паўла і выказванняў Святога Айца Францішка трэба з пакораю памятаць, што кожны з нас з’яўляецца грэшнікам, таму ніякае ўзвелічэнне адных людзей над іншымі не мае пад сабою ніякіх рэальных падставаў.
Выступаючы супраць нейкай ідэалогіі, Касцёл і хрысціяне не выступаюць супраць людзей.
Наш абавязак у тым, каб змагацца са злом (перадусім у сабе), а не з тымі, хто гэтаму злу паддаўся. Інакш мы рызыкуем паўтарыць грэх сумнавядомай інквізіцыі і ператварыць абвешчаную Хрыстом праўду аб бязмежнай Божай міласэрнасці і любові ў паляванне на ведзьмаў, у мёртвую ідэалогію, якая насамрэч нічога супольнага з Евангеллем не мае.
«Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры гэтага свету, супраць нябесных духаў злосці», — кажа Эфесцам і ўсім сучасным хрысціянам святы апостал Павел (Эф 6, 12).
Няхай жа ніводзін чалавек не адчувае сябе нялюбым або нявартым любові. Няхай ніякая ідэалогія, нават на першы погляд самая справядлівая і гуманная, ніколі не падменіць сабою жывой веры. Таму што шлях Касцёла — гэта чалавек, вызвалены ад граху і смерці адзіным для ўсіх Адкупіцелем.
***
Меркаванні, выказаныя ў аўтарскіх матэрыялах, не з'яўляюцца афіцыйным вучэннем Касцёла і могуць не адлюстроўваць пазіцыі ККББ па закранутых пытаннях.