Пошук

24.10.2019 17:16   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня.

Падчас пастырскай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў Міншчыны, якая праходзіла 24 кастрычніка ў Чырвоным касцёле, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч казаў пра магчымасць спецыяльнага душпастырства людзей з гомасексуальнасцю ў Касцёле на Беларусі.

Як зазначыў пры гэтым арцыпастыр, падобныя ініцыятывы ўжо даўно існуюць у свеце. Спецыяльнае душпастырства для людзей з гомасексуальнасцю, якое праводзіцца ў многіх касцёльных супольнасцях за мяжой, мае на мэце не стварыць нешта накшталт «рэзервацыі», а наадварот, выйсці насустрач людзям, якія адчуваюць сябе найбольш безабароннымі перад абліччам складанай жыццёвай сітуацыі.

Гэтая ініцыятыва ніякім чынам не супярэчыць таму, што Касцёл на Беларусі паслядоўна ў духу Евангелля выступае ў абарону створанага Богам інстытуту сям’і і актыўна падтрымлівае скіраваныя на гэта грамадскія ініцыятывы.

Гаворачы на поўны голас пра недапушчальнасць распаўсюджвання гендарнай ідэалогіі і асабліва ЛГБТ-прапаганды сярод падрастаючага пакалення, Касцёл пры гэтым ніякім чынам не спрабуе шальмаваць, стыгматызаваць ці адштурхнуць ад Хрыста і Яго любові ніводнага чалавека.

Як зазначыў на сустрэчы старшыня Экспертнай рады па пытаннях жыцця i сям’i пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, называючы па імені грэх і асуджаючы яго, Касцёл не асуджае людзей, каб не згубіць самога чалавека. Нават лексіка Касцёла ў гэтай сферы, калі гаворка ідзе пра людзей з гомасексуальнасцю або з залежнасцю, перадусім падкрэслівае годнасць чалавечай асобы, створанай на вобраз і падабенства Божыя.

Святар нагадаў, што ў нашай краіне ўжо даўно паспяхова дзейнічае душпастырства людзей з залежнасцямі. Групы самадапамогі накшталт Ананімных алкаголікаў дзейнічаюць пры многіх каталіцкіх парафіях, дапамагаючы сотням людзей штодзённа крок за крокам змагацца са злом, у пастку якога яны трапілі. Дзякуючы гэтаму вельмі многія, у тым ліку некатолікі і нават няверуючыя, адкрываюць сапраўдны сэнс і радасць жыцця ў свабодзе ад згубнага зла і вяртаюць сабе кантроль над сабою.

Падобным чынам можа дзейнічаць таксама душпастырства людзей з гомасексуальнасцю, якія жадаюць жыць у згодзе з Божым законам і са сваім сумленнем.

Калі ініцыятыва спецыяльнага душпастырства людзей з гомасексуальнасцю патрабуе грунтоўнай распрацоўкі і падрыхтоўкі, ужо сёння каталіцкія святары гатовыя прыняць кожную такую асобу і даць неабходныя духоўныя рэкамендацыі.

Абноўлена 28.02.2020 10:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.