24 кастрычніка ў сталічным касцёле святога Сымона і святой Алены прайшла пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў Мінску і Мінскай вобласці.
Распачаўшыся супольнай малітвай літургіі гадзінаў, сустрэча працягнулася духоўным настаўленнем, падрыхтаваным і прамоўленым ксяндзом прэлатам Андрэем Стэцкевічам. У ім святар асаблівым чынам падкрэсліў, наколькі асабісты духоўны і маральны аўтарытэт святароў важны ў душпастырстве.
Калі нават недасканалы і слабы чалавек, пакліканы да святарскага служэння, патрэбны і неабходны для яднання з Богам сваіх братоў і сясцёр, наколькі больш эфектыўна зможа ён весці іх да Бога, калі будзе прасякнуты духам святасці і малітвы.
Цэнтральнаю часткаю пастырскай сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У прамоўленым Божым слове іерарх, грунтуючыся на літургічных чытаннях дня, нагадаў сваім братам у біскупстве і святарстве, што быццё хрысціянінам — гэта заўсёды барацьба.
«Шлях хрысціянскай веры — гэта шлях змагання за Божую праўду і адказ на выклікі часу. Мы не можам пазбегчы гэтага», — сцвердзіў арцыпастыр.
«У першым чытанні з Паслання да Рымлянаў святы апостал Павел нагадвае пра тое, што Бог і грэх знаходзяцца на супрацьлеглых пазіцыях. Гэта як быццам два полюсы», — сказаў іерарх.
Разважаючы над Евангеллем, у якім Езус гаворыць пра падзелы, арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў:
«Збаўца кажа, што прынёс у гэты свет не спакой, а падзелы і выклікі для сваіх паслядоўнікаў, якія патрабуюць ад іх пэўнага радыкалізму. Гэтыя словы Хрыста з’яўляюцца актуальнымі і ў наш час.
Нярэдка вернасць Хрысту з’яўляецца прычынай не толькі непаразуменняў, але і вялікіх канфліктаў нават сярод членаў адной сям’і ці сяброў.
У наш час мы назіраем новую хвалю секулярызму, а часам нават нянавісці да веры. Шмат людзей сваё шчасце бачаць у імкненні да багацця, славы і прыемнасцяў. Пры гэтым яны забываюцца пра Бога, а Яго збаўчае вучэнне спіхваецца на перыферыю чалавечага жыцця.
Мы як святары і кансэкраваныя асобы, а таксама ўсе вернікі, не можам быць абыякавымі да пытанняў веры і яе практыкі ў жыцці нашага грамадства.
Найперш мы павінны абвяшчаць Божую праўду ў час і не ў час, як вучыць святы апостал Павел. Мы таксама павіны быць годнымі даверу сведкамі таго, чаму вучым і што абвяшчаем», — падкрэсліў пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла.
На заканчэнне гаміліі іерарх падвёў выснову:
«Праўда каштуе і за яе неабходна змагацца.
Яна не ўсім падабаецца, камусьці яна „коле вочы“. Стаўленне да праўды становіцца прычынай падзелаў, бо яе бывае складана прыняць. Людзям цяжка прызнаваць свае памылкі: прасцей знайсці вінаватага. <…> Пошук вінаватага вядзе да падзелаў паміж людзьмі.
Таму неабходна вучыць людзей таму, што калі зграшыць — гэта па-чалавечы, то не прызнацца ў граху і жыць у ім — гэта ўжо д’ябальская справа.
Калі прызнаем праўду, то не будзе падзелаў, бо праўда нас вызваліць»,
— перафразуючы словы Збаўцы, заключыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Міншчыны завяршылася арганізацыйнаю часткаю, падчас якой былі абмеркаваны бягучыя справы ў жыцці мясцовага Касцёла.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перадусім нагадаў пра неабходнасць адпаведным чынам падрыхтавацца да ўрачыстасці Усіх Святых і актавы малітвы за памерлых.
На заканчэнне сустрэчы Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ад імя арцыбіскупа Кандрусевіча запрасіў усіх прысутных узяць удзел у святкаванні 30-годдзя яго біскупскага пасвячэння, якое пройдзе ў дзень імянінаў іерарха ў мінскай катэдры роўна праз 30 гадоў пасля таго, як новапрызначаны біскуп цэлебраваў сваю першую святую Імшу ў гэтай якасці на Беларусі.