Пошук

22.01.2020 13:06   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Alberto Pizzoli / AFP

26 студзеня ў Каталіцкім Касцёле ўпершыню будзе адзначацца Нядзеля Божага слова, якую Папа Францішак устанавіў у абвешчаным 30 верасня 2019 года Апостальскім лісце ў форме Motu Proprio (з уласнай ініцыятывы) пад назваю Aperuit illis.

Гэты дакумент Святы Айцец падпісаў у дзень літургічнага ўспаміну і ў 1600-ю гадавіну смерці святога Гераніма — вялікага перакладчыка Бібліі на зразумелую простым людзям мову. Папа Францішак абвясціў Трэцюю звычайную нядзелю Нядзеляй Божага слова, каб Божы народ узрастаў «у пабожным i старанным пазнанні Святога Пісання» (пар. AI 15).

У Апостальскім лісце пастыр паўсюднага Касцёла падкрэсліў, што для разумення Святога Пісання неабходна чытаць яго ў еднасці з асобай Хрыста, які адкрывае розум сваім вучням, а таксама ўсе падзеі місіі Езуса і Яго Касцёла трэба ўспрымаць у святле Божага слова.

На заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці Пантыфік пажадаў адну нядзелю на працягу года цалкам «прысвяціць Божаму слову, каб зразумець невычэрпнае багацце, якое нясе гэты пастаянны дыялог паміж Богам і Яго народам» (пар. AI 2).

Абвяшчаючы Нядзелю Божага слова, Папа задаволіў просьбы Божага народа, а таксама рэалізаваў на практыцы вучэнне Другога Ватыканскага Сабору і свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI, сфармуляванае ў Апостальскай адгартацыі Verbum Domini.

«Таму я ўстанаўліваю III нядзелю Звычайнага перыяду літургічнага года дзеля цэлебрацыі, разважання і пашырэння Божага слова. Гэтая Нядзеля Божага слова стане адпаведным момантам гэтага перыяду, у які мы пакліканы ўмацоўваць сувязь з вызнаўцамі юдаізму, а таксама маліцца аб адзінстве хрысціянаў. Гэта не выпадкова: цэлебрацыя Нядзелі Божага слова выяўляе экуменічны характар, бо Святое Пісанне паказвае тым, хто ўслухоўваецца ў яго, шлях да моцнага і сапраўднага адзінства», — піша Святы Айцец (AI 3).

У пасланні на 2020 Пастырскі год, які ў Касцёле на Беларусі прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае, што натхненне для сваёй дзейнасці Вялікі Папа чэрпаў з вечна жывога і актуальнага Святога Пісання (пар. Гбр 4, 12).

«Шчасліва складаецца, што Папа Францішак абвясціў Трэцюю звычайную нядзелю Нядзеляй Божага слова», — дадае арцыпастыр і за Святым Айцом нагадвае, што падчас набажэнства неабходна здзейсніць інтранізацыю Бібліі, каб падкрэсліць відавочны і нарматыўны характар Божага слова, а ў гаміліі варта звярнуць асаблівую ўвагу на яго абвяшчэнне, значэнне і пашану да яго (пар. АІ 3).

Пантыфік прапануе біскупам у гэтую нядзелю ўстанаўліваць лектараў, каб зазначыць важнасць абвяшчэння Божага слова ў Літургіі.

«Таксама пробашчы змогуць знайсці адпаведную форму для таго, каб уручыць Біблію або адну з яе кніг усёй супольнасці і падкрэсліць гэтым важнасць штодзённага чытання і малітвы Святым Пісаннем, з адмысловым выкарыстаннем яе формы, называнай lectio divina», — піша Святы Айцец (пар. тамсама).

Папа Францішак зазначае, што Біблія не можа быць набыткам толькі нейкай невялікай групы людзей: яна не прызначана толькі для «прывілеяваных». Біблія прызначана для ўсяго сабранага народа, каб, слухаючы яе, ён знайшоў сябе ў Слове, якое яднае вернікаў і робіць іх адным Божым народам. Святы Айцец звяртае ўвагу на адказнасць біскупаў за тлумачэнне і дапамогу ўсім у разуменні Святога Пісання. Ён таксама звяртаецца да святароў, нагадваючы ім пра вялікае значэнне гаміліі:

«Для многіх нашых вернікаў — гэта адзіная магчымасць зразумець прыгажосць Божага слова i заўважыць яго сувязь з іх штодзённым жыццём.

Таму трэба прысвяціць дастаткова часу для падрыхтоўкі гаміліі. Нельга займацца імправізацыяй каментарыяў да святых чытанняў. Ад нас, казнадзеяў, больш чакаюць таго, што мы не будзем празмерна расцягваць замудрых гамілій або закранаць неадпаведныя аргументы», — піша Папа (АІ 5).

Таксама і катэхетам ён нагадвае пра неабходнасць няспынна паглыбляць знаёмства з Божым словам.

Пантыфік сцвярджае, што першым экзэгетам Святога Пісання з’яўляецца Езус Хрыстус, і паказвае шчыльную сувязь Бібліі з верай, Эўхарыстыяй і іншымі сакрамэнтамі.

Дзень, прысвечаны Бібліі, паводле яго, не можа быць «раз у год»: кожны дзень года мы павінны быць бліжэй да Святога Пісання і Уваскрослага, «які ніколі не перастае дзяліцца Словам і Хлебам у супольнасці вернікаў» (пар. АІ 8).

Гаворачы пра ролю Духа Святога, Папа піша: «Без Яго дзеяння заўсёды існавала б вялікая небяспека замкнёнасці выключна ў пісьмовым тэксце, што аблегчыла б фундаменталістам яго інтэрпрэтацыю, ад якой мы павінны трымацца здалёк, каб не здрадзіць натхнёнаму, дынамічнаму i духоўнаму характару, які мае святы тэкст» (АІ 9). Святы Айцец заахвочвае ніколі не прызвычайвацца да Божага слова, «але жывіцца ім, каб штораз глыбей адкрываць і перажываць нашыя адносіны з Богам і братамі» (пар. АІ 12). Папа таксама адзначае, што Святое Пісанне з’яўляецца крыніцай натхнення для справаў хрысціянскай міласэрнасці.

Падкрэсліваючы асаблівую ролю Марыі, Святы Айцец заўважае, што «на шляху прыняцця Божага слова нам спадарожнічае Маці Пана, прызнаная благаслаўлёнай, бо Яна паверыла ў спаўненне таго, што сказаў Ёй Пан» (пар. АІ 15).

Свой Апостальскі ліст Папа Францішак завяршае пажаданнем: «Няхай дзякуючы Нядзелі, прысвечанай Слову, Божы народ узрастае ў пабожным i старанным пазнанні Святога Пісання, як вучыў ужо ў даўнія часы святы аўтар: „Гэта слова вельмі блізкае да цябе: яно ў тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб ты мог выконваць яго“ (Дрг 30, 14)».

Абноўлена 20.01.2022 10:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця