19 студзеня ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя адбылося экуменічнае набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў.
Як паведаміў партал Grodnensis.by, у супольнай малітве, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, узялі ўдзел прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай Царквы, Евангелічна-лютэранскай супольнасці, супольнасці Поўнага Евангелля «Жывое Слова» (пяцідзясятнікі).
Разам з біскупам Кашкевічам ад Каталіцкага Касцёла ў набажэнстве ўдзельнічаў прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі айцец Андрэй Крот, настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне.
Праваслаўную Царкву прадставіў айцец протаіерэй Аляксандр Хомбак, настаяцель храма святога Лукі ў Гродне, Евангелічна-лютэранскyю супольнасць — пастар Уладзімір Татарнікаў, супольнасць поўнага Евангелля «Жывое Слова» — пастар Дзмітрый Малюкевіч.
На пачатку набажэнства біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў вернікаў да супольнай малітвы, каб «панавала еднасць паміж усімі вучнямі Хрыста».
Іерарх нагадаў, што ўсе хрысціяне належаць да адзінай сям’і Божых дзяцей, якія імкнуцца да збаўлення.
У ходзе набажэнства з кароткімі прамовамі звярнуліся прадстаўнікі прысутных канфесій.
Айцец Аляксандр Хомбак казаў пра братэрства:
«У Евангеллі мы часта сустракаем слова „брат“. Згодна з вучэннем, братам мы павінны лічыць кожнага, хто прыходзіць у наша жыццё.
Важна, каб з кожным чалавекам мы шукалі тое, што нас аб’ядноўвае, а не падзяляе», – адзначыў праваслаўны святар. Ён дадаў, што толькі так магчыма «стаць сапраўднымі братамі ў Хрысце і разам ісці да агульнай мэты — дасягнення валадарства любові і дабра».
Пастар Уладзімір Татарнікаў адзначыў важнасць даверу Богу.
«Хрысціянскае адзінства стане магчымым у тым выпадку, калі будзе сыходзіць з усеагульнага даверу Пану. Пры гэтым адзінства ў Хрысце не патрабуе пазбавіцца ад сваёй ідэнтычнасці: яно толькі мае на ўвазе сумеснае служэнне бліжняму ў імя Найвышэйшага», — сказаў пастар.
Пастар Дзмітрый Малюкевіч з супольнасці поўнага Евангелля «Жывое Слова» нагадаў пра добрыя справы, якія хрысціяне павінны выконваць у імя Езуса.
«Мы ведаем: добрыя ўчынкі — гэта добра. Але, нягледзячы на гэта, часта яны даюцца нам няпроста. Або ў адказ на іх мы сустракаем негатыўную рэакцыю», — адзначыў прадстаўнік пяцідзесятніцкай супольнасці.
Ён лічыць, што «адзінства неабходна будаваць на добрых справах, зробленых у імя любові да Хрыста і Яго ахвяры, чэрпаючы штодзённае натхненне з чытання Евангелля».
Айцец Андрэй Крот звярнуў увагу на важнасць супольнага ўдзелу.
«Часта мы згодна з сумленнем следуем вучэнню Хрыста, стараемся рабіць добрыя ўчынкі, але пры гэтым канцэнтруемся выключна на сваёй парафіі, на ўласнай Царкве. У гэтым выпадку нам трэба толькі ўявіць, якіх памераў можа дасягнуць нашая дапамога бліжнім і які плён прынясе, калі будзе здзяйсняцца супольнымі намаганнямі», — заўважыў грэка-каталіцкі святар.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч казаў пра тое, што трэба зрабіць першы крок да іншага чалавека, каб усталяваць дыялог.
«Калі мы першымі будзем рабіць крок у кірунку да іншага чалавека, каб быць ласкавымі і адкрытымі, то будзем ствараць адпаведную прастору для дыялогу і прымірэння паміж намі», — адзначыў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што ў Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў прадстаўнікі розных канфесій разам узносяць свае просьбы да Бога, каб як мага больш хрысціянаў вызваліліся ад сваёй маладушнасці і заўважылі надыходячага Хрыста, каб як мага больш клапаціліся пра свой унёсак у справу духоўнага адзінства.
«А мы самі будзем жа, на ўзор добразычлівага і гасціннага Хрыста, будаваць у нашым горадзе добрыя ўзаемадносіны. Будаваць іх перш за ўсё ў нашых сем’ях, грамадстве, паміж нашымі хрысціянскімі Цэрквамі і супольнасцямі. Гэтага ўсім ад усяго сэрца жадаю і ў імя Хрыста да гэтага хачу вас яшчэ раз заклікаць», — дадаў іерарх.
Усе прысутныя ў катэдральным касцёле, трымаючыся за рукі, прамовілі малітву «Ойча наш», якой навучыў сваіх вучняў Езус Хрыстус, і перадалі адзін аднаму знак супакою, a прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў запалілі ад пасхала сімвалічныя свечкі.
Запаленыя свечкі, як святло Хрыста, сталі сімвалам полымя, промні якога асвятляюць увесь свет.
На заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім прысутным за ўдзел у набажэнстве і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў завершыцца ў Беларусі адмысловымі набажэнствамі, у якіх возьмуць удзел іерархі Касцёла і прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій нашай краіны.