Пошук

20.01.2020 13:44   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Баляслаў Гавецкі / Catholic.by

19 студзеня ў Іўі прайшоў 17-ы фестываль калядак, арганізаваны мясцовай парафіяй святых апосталаў Пятра і Паўла. Сёлета гэты музычны форум наведаў каіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падкрэсліўшы сваёй прысутнасцю значнасць такіх душпастырскіх ініцыятыў.

Найперш іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў старажытным івейскім касцёле, які і пасля перабудоваў захоўвае ў сваёй архітэктуры першапачатковыя рысы готыкі.

У прамоўленай гаміліі Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт глыбей раскрыў сэнс прачытанага евангельскага тэксту пра сустрэчу святога Яна Хрысціцеля з Хрыстом, якая адбылася на беразе Ярдану. Ян Хрысціцель назваў Езуса Ягнём, якое бярэ на сябе грахі свету, жадаючы гэтым падкрэсліць, што настаў час Новага Запавету. Сутнасцю гэтага новага і вечнага саюзу Бога з родам чалавечым становіцца збаўчая крыжовая ахвяра Бога-Чалавека, бо ахвяры Старога Запавету, у якіх на алтар прыносілі ягнят і іншых жывёл, не могуць даць збаўлення.

Словы Яна Хрысціцеля пра Хрыста як Божае Ягнё, або Баранка, Касцёл паўтарае падчас кожнай святой Імшы перад Камуніяй, што сведчыць пра іх выключнае значэнне.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў вернікаў часта браць удзел у святой Імшы, падчас якой мы не толькі бачым Баранка Божага ў кансэкраванай Гостыі, але і прымаем Яго як хлеб вечнага жыцця.

Сустракаючыся з Езусам у святой Імшы, у іншых сакрамэнтах і ў Святым Пісанні, мы павінны памятаць аб тым, што Яго вучэнне неабходна несці іншым людзям у духу братэрства і салідарнасці, — падкрэсліў арцыпастыр.

Падчас фестывальнага канцэрту Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі павіншаваў усіх прысутных з распачатым Новым годам і пажадаў ім радасці і ласкі Нованароджанага Пана. Іерарх таксама павіншаваў прысутных праваслаўных вернікаў са святам Хросту Пана, якое яны адзначаюць 19 студзеня. Яно перагукаецца са святам Аб’яўлення Пана, якое католікі адзначалі два тыдні таму.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што Аб’яўленне Езуса Хрыста як адзінага Збаўцы чалавека працягваецца праз служэнне Касцёла і шматлікія душпастырскія ініцыятывы. Гэтаму служыць і прысвечаны ў Касцёле на Беларусі святому Яну Паўлу ІІ Пастырскі год, на які арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваў спецыяльнае пасланне, і распачаты напярэдадні Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, які завершыцца адмысловымі набажэнствамі з удзелам каталіцкіх іерархаў, а таксама фестывалі калядак, адзін з якіх ужо шмат гадоў праходзіць на івейскай зямлі.

На думку арцыпастыра, калядныя канцэрты набліжаюць да людзей таямніцу Богаўцелаўлення і дапамагаюць яе лепш зразумець.

Іерарх зазначыў, што падтрыманне і развіццё хрысціянскіх калядных традыцый нашага народа, у тым ліку і з дапамогаю такіх культурна-рэлігійных мерапрыемстваў, спрыяюць справе новай евангелізацыі. На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў артыстам і пажадаў ім поспехаў у жыцці і ў творчай дзейнасці.

У Іўі іерарх разам са старшынёй Івейскага райвыканама спадаром Аляксандрам Булаком, з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Польшчы ў Беларусі панам Артурам Міхальскім і іншымі афіцыйнымі асобамі ў суправаджэнні пробашча тутэйшай парафіі кс. Яна Гавэцкага наведаў унікальную стэлу-манумент, што ўвасабляе чатыры традыцыйныя веравызнанні на нашай зямлі — каталіцтва, праваслаўе, юдаізм і іслам. Высокія госці фестывалю калядак таксама ўшанавалі памяць івейскіх габрэяў, знішчаных у мястэчку нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны.

Абноўлена 20.01.2020 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.