19 студзеня вернікі Праваслаўных Цэркваў, якія карыстаюцца юліянскім календаром, адзначылі Вадохрышча, або свята Хросту Пана. У гэты дзень адбываецца асвячэнне вады, а некаторыя традыцыйна акунаюцца ў палонку ў форме крыжа. Да традыцыі далучаюцца і многія католікі, у тым ліку духоўныя асобы.
Хрост Пана — ключавая падзея зямнога жыцця Збаўцы, Яго аб’яўленне як Месіі, пачатак Яго публічнага служэння. Свята на ўспамін гэтай падзеі — адно з самых старажытных у хрысціянстве. Пра яго згадваюць ужо раннехрысціянскія крыніцы. Гэты дзень асабліва шануецца хрысціянамі ва ўсім свеце, незалежна ад традыцыі.
Нягледзячы на тое, што ў Касцёле свята Хросту Пана рухомае і сёлета адзначалася 12 студзеня, а ў Праваслаўнай Царкве яго заўсёды святкуюць 19 студзеня, многія каталіцкія вернікі падзяляюць са сваімі братамі ў веры звычай купання ў палонцы.
Гэта адна з магчымасцяў дзейсна далучыцца да Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, які штогод праходзіць з 18 па 25 студзеня. Час супольнай малітвы нагадвае нам пра тое, што Бог жадае, каб «усе былі адно», каб хрысціяне жылі без падзелаў, як адна сям’я братоў і сясцёр.
У гэтай інтэнцыі пробашч мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай ксёндз канонік Францішак Рудзь і супрацоўнік парталу Catholic.by дыякан Мікола Гракаў ужо на працягу некалькіх гадоў разам з праваслаўнымі братамі акунаюцца ў халодную ваду, пацвярджаючы абяцанні сакрамэнту хросту.
Гэта таксама спосаб падзяліць радасць свята з братамі ў веры і праявіць павагу Каталіцкага Касцёла да ўсходняй хрысціянскай традыцыі Праваслаўнай Царквы.
Вада непарыўна звязана з пачаткам жыцця. Дзе няма вады, там пустыня. Таму вада мае сімвалічнае значэнне для хрысціянаў, яна азначае жыццё і чысціню душы. Свята Вадохрышча, або Хросту Пана дае магчымасць паразважаць аб сваім жыццёвым шляху, аб вернасці дадзеным на хросце абяцанням, а таксама нагадвае пра неабходнасць любові да Бога і да бліжніх, якая праяўляецца ў павазе да іншых людзей і ў дапамозе патрабуючым.
Супольныя каштоўнасці веры, надзеі і любові аб’ядноўваюць усіх хрысціянаў свету, незалежна ад календара і розных традыцый.