Пошук

11.01.2020 12:04   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Батлейка ў касцёле святога Антонія ў Мар’інай Горцы / Фота Віталія Палінеўскага

Святам Хросту Пана, якое сёлета будзе адзначацца 12 студзеня, завяршаецца перыяд Божага Нараджэння. Аднак традыцыйныя батлейкі ў нашых касцёлах яшчэ доўга будуць заставацца «цудоўным знакам», бачным адлюстраваннем праўды пра ўцелаўленне спрадвечнага Божага Слова.

Дасланыя ў рэдакцыю здымкі сведчаць пра тое, што традыцыя калядных батлеек жыве і актыўна падтрымліваецца. Многія яслі з Нованароджаным Хрыстом, створаныя рукамі нашых вернікаў, можна назваць сапраўднымі творамі мастацтва. Адчуваецца, што іх рабілі не проста так, «каб было», а з фантазіяй, з творчым падыходам, з зацікаўленасцю і вялікаю любоўю.

 

Напярэдадні святаў Божага Нараджэння Папа Францішак пажадаў нагадаць усяму Касцёлу пра важнасць падтрымліваць гэтую традыцыю, распачатую святым Францішкам Асізскім у італьянскім мястэчку Грэчо.

З гэтаю мэтаю Святы Айцец напісаў Апостальскі ліст «Цудоўны знак», у якім назваў бэтлеемскія яслі «жывым Евангеллем».

Лепель, касцёл святога Казіміра / Фотакалаж Соф’і Рамзаевай
Лепель, касцёл святога Казіміра / Фотакалаж Соф’і Рамзаевай

Напэўна, словы пастыра паўсюднага Касцёла натхнілі і заахвоцілі многіх далучыцца да стварэння батлеек у сваіх парафіяльных касцёлах і ў дамах.

Каб прыгажосць жывога Евангелля ўбачылі іншыя, мы, як і ў мінулым годзе, заахвоцілі дасылаць здымкі розных батлеек у рэдакцыю парталу Catholic.by.

Вядома, апублікаваць здымкі батлеек ва ўсіх касцёлах і капліцах нашай Бацькаўшчыны мы не маем тэхнічнай магчымасці, але нават некалькі з іх даюць уяўленне пра тое, як прыгожа яны выглядаюць.

Ёсць батлейкі, у якіх некаторыя элементы нават рухаюцца, таму акрамя здымкаў мы публікуем і невялікае відэа таго, як выглядаюць такія рухомыя бэтлеемскія яслі ў капліцы мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ. (Відэа кс. Уладзіміра Марушэўскага TChr)

Традыцыйна батлейкі застаюцца ў касцёлах да свята Ахвяравання Пана, якое адзначаецца 2 лютага і ў народзе часта называецца «Грамніцамі». У гэты дзень у касцёлах адбываецца благаслаўленне свечак, і іх агеньчыкі працягваюць нагадваць нам, што з Нараджэннем Хрыста святло прыйшло ў свет, і мы бачылі яго, і яно назаўжды застаецца з намі.

Абноўлена 13.01.2020 00:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця