Пошук

03.12.2019 15:01   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Фота: Daniel Ibáñez/CNA

1 снежня, у Першую нядзелю Адвэнту, Святы Айцец наведаў горнае паселішча Грэчо, дзе святы Францішак зрабіў першую батлейку, якая сёння з’яўляецца неадменным атрыбутам святаў Божага Нараджэння ва ўсім свеце. Там Пантыфік абвясціў Апостальскі ліст Admirabile signum, прысвечаны гэтай прыгожай каталіцкай традыцыі.

Грэчо знаходзіцца ў маляўнічай горнай мясцовасці амаль у ста кіламетрах на паўночны ўсход ад Рыма. Паводле францішканскіх крыніц, менавіта тут спыніўся святы Францішак, вяртаючыся ад папы Ганорыя ІІІ, які зацвердзіў Правіла заснаванага ім ордэна.

Тамтэйшыя пячоры нагадалі асізскаму бедняку ландшафт Бэтлеема, дзе ён незадоўга да гэтага пабываў. Гэта натхніла яго на тое, каб навочна прадставіць сцэну Нараджэння Пана Езуса.

Праз пэўны час на адным з горных схілаў святы Францішак атрымаў у дар ад мясцовага арыстакрата пляцоўку для пустэльні.

Кляштар у Грэчо. Фота: fratesolesoreluna.blogspot.com

На гэтым месцы сёння знаходзіцца кляштар, дзе папа Францішак абвясціў свой Апостальскі ліст пад назваю Admirabile signum — «Цудоўны знак», — прысвечаны значэнню і каштоўнасці калядных батлеек.

«Батлейка — гэта як быццам жывое Евангелле. Яна паказвае нам пяшчоту Бога і тое, што Ён апускаецца да нашай мізэрнасці», — напісаў у ім Пантыфік. Ён нагадаў гісторыю ўзнікнення гэтай прыгожай традыцыі і раскрыў значэнне яе паасобных элементаў.

Святы Айцец падкрэсліў, што сваім лістом хацеў падтрымаць сем’і, якія ў перадсвяточны час рыхтуюць батлейкі, а таксама звычай змяшчаць іх у публічных месцах. «Мне б хацелася, каб гэтая практыка не перарывалася, а таксама я разлічваю на тое, што там, дзе яна прыйшла ў заняпад, яна будзе нанава адкрыта і зноў ажыве», — піша Папа.

Папа Францішак у Грэчо. Фота: romereports.com

Пастыр паўсюднага Касцёла лічыць, што стварэнне святым Францішкам батлейкі было вялікай справай евангелізацыі, паколькі гэтае простае прадстаўленне сцэны Божага Нараджэння кранае за душу і ўзрушвае.

Папа падкрэсліў, што батлейка дапамагае нам нанава перажыць тое, што адбывалася ў Бэтлееме, дае адчуць свой уласны ўдзел у гісторыі збаўлення, а таксама дазваляе перадаць праўду веры самым маленькім.

Далей у сваім лісце Святы Айцец тлумачыць значэнне паасобных элементаў батлейкі. Так, зорнае начное неба — гэта сімвал нашай самотнасці, пакінутасці сярод жыццёвых турботаў, але ззянне Бэтлеемскай зоркі паказвае, што Бог не пакідае нас у самоце, што сярод змроку нашага жыцця з’яўляецца святло Яго Любові. Разваліны і камяні сімвалізуюць упалае чалавецтва і ўсё тое, што знішчае час, у тым ліку нашае цела. Хрыстус прыходзіць у свет, каб даць новае жыццё, лячыць і адбудоўваць.

Святы Францішак ладзіць першую батлейку ў Грэчо. Фрэска. Фота: getfed.com

Кажучы пра тое, што ў батлейцы змешчаны горы, расліны, жывёлы і пастухі, Папа заўважае:

«Такім чынам мы памятаем, што ўсё стварэнне ўдзельнічае ў свяце прыйсця Месіі».

Галоўным элементам кожнай батлейкі, безумоўна, з’яўляюцца фігуры Святой Сям’і. Гледзячы на іх мы вучымся давяраць Богу і выконваць Яго волю.

Папа Францішак у Грэчо. Фота: romereports.com

Аднак «сэрца» батлейкі пачынае «біцца» толькі ў той момант, калі на Божае Нараджэнне ў ёй з’яўляецца фігура нованароджанага Дзіцяткі Езуса.

«Гэта здаецца немагчымым, але менавіта такім чынам Бог пажадаў аб’явіць веліч сваёй любові.

Яна праяўляецца ва ўсмешцы, у ручках, працягнутых да кожнага чалавека. Яна заўсёды выходзіць па-за нашыя стэрэатыпы», — піша Святы Айцец.

Святы Францішак ладзіць першую батлейку. Мастак Джота дзі Бандонэ. Фота: wikipedia.org

Абноўлена 03.12.2019 16:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця