Пошук

16.01.2020 13:28   Тэкст: Ліля Шайхава / Фота: Наталля Сідарэнка / Catholic.by

12 студзеня, у свята Хросту Пана, у бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла аплаткавая сустрэча біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з дзецьмі, моладдзю, удзельнікамі розных малітоўных груп і рэлігійных рухаў.

Сустрэча з Біскупскім вікарыем для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці стала апошняй у гэтым сезоне калядных сустрэч з удзелам іерархаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На пачатку біскуп Аляксандр узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой звярнуўся да вернікаў з пранікнёным словам пастыра.

У гаміліі ён прапанаваў удзельнікам святочнай Эўхарыстыі паразважаць над тым, чаму менавіта свята Хросту Пана завяршае радасны перыяд Божага Нараджэння.

«Таму што гэта — момант рахунку сумлення, каб за знешняй прыгажосцю мы не забыліся пра духоўныя каштоўнасці», — вызначыў кірунак разважання іерарх. Каб даць навочны прыклад гэтага сцвярджэння, ён распавёў наступную гісторыю з жыцця:

«У адной парафіі падчас урачыстасці Божага Цела пробашч вельмі клапаціўся пра тое, каб працэсія была добра падрыхтаваная: і крыж наперадзе, і кветкі, і прыгожа апранутыя дзеці, і роўныя рады парафіянаў… Задаволены такім узорным парадкам, пробашч ўзяў манстрацыю, каб распачаць працэсію, але маленькі міністрант звярнуся да яго: „Ксенжа, вы забыліся ўкласці ў манстрацыю Гостыю“».

Падводзячы выснову, іерарх прапанаваў задумацца над тым, якім чынам вернікі перажылі святочны перыяд Божага Нараджэння.

«Мы ўпрыгожылі нашыя дамы, нашыя святыні, накрылі сталы, запрасілі сяброў. Але ці не забыліся мы, як той пробашч, укласці ў манстрацыю нашай душы Хрыста?..

Можа, хтосьці забыўся пра адвэнтавыя рэкалекцыі, хтосьці не прыступіў да сакрамэнту пакаяння, а хтосьці зусім не сустрэўся з Езусам?

Таму мы павінны задаць сабе пытанне: як я перажыў чарговае Божае Нараджэнне? Ці я ўпусціў Хрыста ў сваё жыццё, ці маё сэрца стала тымі бэтлеемскімі яслямі, дзе Хрыстус не только нарадзіўся, але хоча заставацца, жыць, узрастаць і дзейнічаць, адорваючы нас сваёй ласкай?»

На заканчэнне іерарх заахвоціў вернікаў браць прыклад пакоры са святога Яна Хрысціцеля і імкнуцца ў сваім штодзённым жыцці заўсёды аддаваць перавагу Богу, выбіраючы сапраўдныя каштоўнасці.

       

Пасля святой Імшы Біскупскі вікарый Магілёўшчыны падзяліўся аплаткай з прысутнымі на сустрэчы вернікамі дэканата, якія сабраліся не толькі з Бабруйска, але таксама з Асіповічаў, Клічава, Кіраўска і Глуска.

Абноўлена 16.01.2020 13:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.