Пошук

20.12.2019 13:52   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота кс. Аляксандра Уласа

Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Габар Пінтэр 19 снежня ўзяў удзел у перадкаляднай пастырскай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, падчас якой узначаліў цэлебрацыю святой Імшы і звярнуўся да прысутных са словам на развітанне.

«Я шчаслівы, што магу сустрэцца з вамі яшчэ раз, цяпер ужо на развітанне. За гэты час мне стаў вельмі блізкім ваш Касцёл, гэты народ і краіна. Гледзячы на вас, я заўсёды захапляюся вашай руплівасцю і адданасцю ў служэнні Божаму народу», — сказаў напачатку прадстаўнік папы Францішка.

Іерарх адзначыў, што сённяшнія пастыры Касцёла на Беларусі і іх супрацоўнікі пакліканы несці людзям Бога ў краіне, дзе хрысціянства хацелі знішчыць.

«Абвяшчаць Евангелле — я думаю, што менавіта дзеля гэтага варта жыць, толькі гэта істотна.

Тыя, хто сёння выстаўлены на халодны вецер няпэўнасці або рэлігійнай абыякавасці, павінны знайсці ў асобе святара, манаха або манашкі трывалую веру, якая свеціць, быццам паходня ўначы, і якая як скала, за якую можна зачапіцца.

Гэтая вера выхоўваецца перш за ўсё ў асабістых адносінах, сэрцам да сэрца, з асобай Езуса Хрыста. Гэтыя адносіны, якія нараджаюцца у малітве, вучаць нас жыць у радасці, не паддавацца павярхоўнасці, але жыць у сапраўднай свабодзе», — падкрэсліў іерарх.

Дзеля больш плённага абвяшчэння Евангелля Апостальскі нунцый заахвоціў святароў і кансэкраваных асобаў звяртаць асаблівую ўвагу на сваю чалавечую і духоўную фармацыю на працягу ўсяго жыцця.

«Неабходна жыць сапраўдным духам еднасці і братэрства, які дазваляе нам дзяліцца ўнутраным багаццем кожнага, плённа супрацоўнічаць. Важна, каб поруч быў брат, сястра, з якімі можна падзяліцца радасцямі і жыццёвымі цяжкасцямі. Такое моцнае сведчанне еднасці паміж вамі будзе больш прывабным і годным даверу, чым шматлікія словы», — сцвердзіў прадстаўнік Святога Айца.

Ён заклікаў сваіх братоў у біскупстве і святарстве не знеахвочвацца, калі не відаць адразу плёнаў працы, а таксама пажадаў не стаць ахвярамі руціны, якая знішчае свежасць веры і не дазваляе адкрываць навізну Божага паслання. Арцыбіскуп Габар Пінтэр параіў ім не прывязвацца да старых мадэляў, не баяцца новага і не ўнікаць выклікаў, якія прымушаюць нас узрастаць.

«Кожную сітуацыю, нават самую складаную, мы можам разглядаць не толькі як перашкоду на нашым шляху, але і як магчымасць навучыцца чамусьці з жыцця. Часам даводзіцца страчваць, каб сапраўды атрымаць плады. І выклікі — гэта знак жывой веры, жывой супольнасці, якая шукае свайго Бога і трымае вочы і сэрцы адкрытымі», — адзначыў Апостальскі нунцый.

Ён дадаў, што святары не павінны мець на ўсё гатовыя адказы, але могуць дзяліцца жыццёвымі пытаннямі, сумненнямі, якія ўзнікаюць у сэрцы кожнага чалавека.

«Дарагія браты і сёстры, няхай вас не стрымлівае страх ісці новымі шляхамі і страх памыліцца. Мы ўсе робім памылкі ў жыцці. Наша беднасць і слабасць — гэта не перашкоды, а каштоўныя прылады, таму што Божая ласка выяўляецца ў слабасці (гл. 2 Кар 12, 9)», — нагадаў словы Апостала народаў арцыбіскуп Пінтэр.

На заканчэнне сваёй прамовы Апостальскі нунцый, які неўзабаве завершыць сваю місію ў нашай краіне, сказаў:

«Напрыканцы я ад усёй душы дзякую вам, дарагія браты і сёстры, за вашу вернасць Хрысту і Яго Касцёлу, і заклікаю кожнага з вас, дзе б вы ні былі, аднаўляць вашу асабістую сувязь з Езусам. Не дазваляйце абставінам красці ў вас евангельскі энтузіязм. Няхай ваша жыццё стане гісторыяй любові да Бога, якая адкрывае праўду, што жыццё можна атрымаць, толькі даруючы яго».

Абноўлена 20.12.2019 13:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа