8 снежня вернікі парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску (Каменная Горка) наведалі Мінскую саборную мячэць. Парафіяне даведаліся пра гісторыю мусульманскай супольнасці ў Беларусі, архітэктурныя асаблівасці культавых збудаванняў мусульман, наведалі Музей ісламу з экспанаваннем часовай выставы «Рэліквіі прарока» з Рэспублікі Дагестан.
У сучасным свеце дыялог паміж прадстаўнікамі розных рэлігій стаў адным з самых актуальных пытанняў. Гэта падкрэсліў таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які наведаў саборную мячэць у Мінску напярэдадні.
Значным крокам з боку Касцёла ў галіне ўстанаўлення добрасуседскіх адносін з прадстаўнікамі іншых канфесій сталі дакументы Другога Ватыканскага Сабору. Аднак павага да іншых рэлігій з боку хрысціян была закладзена ўжо ў Новым Запавеце: «Са свайго боку, калі магчыма, жывіце ў спакоі з усімі людзьмі» (Рым 12, 18).
Сусветныя рэлігіі з моманту свайго заснавання таксама імкнуліся да ўсталявання згоды. У прыватнасці, паважліва ставіцца да іншых рэлігій заклікае і іслам. «Калі б Алаг пажадаў, то зрабіў бы вас адной супольнасцю, аднак Ён падзяліў вас, каб выпрабаваць вас тым, што Ён дараваў вам. Змагайцеся ў добрых справах» (Каран 05, 48).
Вывучэнне гісторыі міжканфесійных адносін даказвае рэальнасць павагі і сяброўства паміж прадстаўнікамі розных канфесій.
Вось толькі некаторыя прыклады.
У Аравіі, дзе пражываў прарок Мухамед і зарадзіўся мслам, існавалі супольнасці Умы. У іх па-добрасуседску жылі мусульмане, юдэі і хрысціяне. Хрысціяне працавалі лекарамі, архітэктарамі, сакратарамі, дарадцамі пры дварах першых халіфаў. Яны карысталіся вялікай павагай за свае веды, цярплівасць і дабрыню.
Першыя два стагоддзі ісламу, у VIII–IX ст., былі часам перакладаў хрысціянскіх Пісанняў. Існавалі каментары з Бібліі ў перакладзе на арабскую мову. Яны атрымалі назву Тафсір (каментары) і прынялі многія хрысціянскія традыцыі, закладзеныя Езусам.
Габрэі, хрысціяне і мусульмане рабілі ўнёсак у інтэлектуальнае і культурнае жыццё ісламскіх суполак. Вядома, што ў Сярэднявеччы на Пірынейскім паўвостраве і ў Паўночнай Афрыцы яны былі аб'яднаныя ў інтэлектуальную супольнасць, якая атрымала назву «залатая».
У Х ст. былі заснаваныя ўніверсітэты аль-Азхар у Каіры і Кордава ў Іспаніі. Яны сталі месцамі сумеснага навучання для навукоўцаў трох традыцый. У сусветным гандлі таксама дамінавалі гандлёвыя саюзы мусульманаў, юдэяў і хрысціянаў.
У XIV ст. іслам з’явіўся ў Беларусі. Князі старажытнабеларускай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага запрасілі татараў з Крыма і Залатой Арды для нясення службы па ахове дзяржаўных межаў.
Неўзабаве гэтае насельніцтва атрымала роўныя правы з мясцовым. Добрасуседскія адносіны працягваюцца і па сённяшні дзень.
Прыкладаў сяброўства і павагі паміж рознымі рэлігіямі ў сусветнай гісторыі можна знайсці мноства. Усё, што трэба зрабіць кожнаму, — гэта даведацца адзін пра аднаго больш. Сучасная талерантная Беларусь — правераная шматвяковай гісторыяй традыцыя міжканфесійнай павагі, у якой Касцёл займае актыўную пазіцыю.