Пошук

08.05.2024 16:47   Паводле: Vatican News PL / Фота: PAP/EPA/Erdem Sahin / Catholic.by
Фота: PAP/EPA/Erdem Sahin

Візантыйская царква Святога Збаўцы на Хоры ў Стамбуле зноў была перададзена на патрэбы мусульманскага культу пасля таго, як тут 79 гадоў быў музей.

Як паведамляе Польская рэдакцыя парталу Vatican News, святыня, пабудаваная ў V стагоддзі і пашыраная ў ХІІ стагоддзі, лічыцца адным з найважнейшых аб’ектаў візантыйскага сакральнага мастацтва. Яна вядомая, у прыватнасці, мазаікамі і фрэскамі XIV стагоддзя, у тым ліку манументальнай сцэнай Апошняга Суду.

Царква Святога Збаўцы была ператворана ў мячэць пасля заваявання Канстанцінопаля асманамі. Хрысціянскія выявы тады затынкавалі, але не знішчылі. Пасля Другой сусветнай вайны ў святыні была праведзена грунтоўная рэстаўрацыя пад наглядам амерыканскіх спецыялістаў. Дзякуючы гэтаму былі адноўлены першапачатковыя фрэскі і мазаікі. У 1958 годзе візантыйская царква была адкрыта як музей.

У 2020 годзе ўрад Эрдагана адмяніў гэтае рашэнне і абвясціў, што царква Святога Збаўцы, як і базыліка Святой Сафіі, будуць ператвораны ў мячэць.

Сам прэзідэнт Эрдаган дыстанцыйна ўдзельнічаў ў адкрыцці месца мусульманскага культу ў гэтай візантыйскай святыні. Як паведамляе AFP, некаторыя мазаікі былі закрытыя, хоць большасць хрысціянскіх роспісаў усё яшчэ бачныя.

Рашэнне турэцкага ўраду выклікала негатыўную рэакцыю ўладаў Грэцыі, якія палічылі гэты акт правакацыяй. Яны нагадалі, што помнікі Візантыі з’яўляюцца часткай культурнай спадчыны чалавецтва.

 

Абноўлена 08.05.2024 16:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця