6–7 снежня ў мінскай саборнай мячэці адбыліся ўрачыстасці, у якіх узяў удзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Урачыстасці былі прысвечаны адразу тром значным датам у жыцці мусульманскай супольнасці ў нашай краіне: 25-годдзю ўтварэння Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь, 420-годдзю пабудовы ў Мінску мячэці і 80-гадоваму юбілею муфція Абу-Бекіра Шабановіча.
У першы дзень насычанай праграмы святкавання ў мінскай саборнай мячэці адбылося адкрыццё Музея ісламу з экспанаваннем часовай выставы «Рэліквіі прарока» з Рэспублікі Дагестан. Акрамя таго, у межах урачыстасцяў прайшло пасяджэнне круглага стала на тэму «Культурна-духоўная спадчына мусульман Беларусі. Старонкі гісторыі: традыцыі і вучэнне». У круглым стале ўзялі ўдзел сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі ксёндз Махэр Шаммас, ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч, а арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў на ім з дакладам.
Выступ каталіцкага іерарха быў прысвечаны тэме «Міжрэлігійны дыялог — шлях да міру і згоды».
Як адначыў напачатку арцыбіскуп Кандрусевіч, удзел прадстаўнікоў розных веравызнанняў і грамадскасці ва ўрачыстасці ў мінскай саборнай мячэці сведчыць пра агульнае імкненне да ўзаемаразумення і супрацоўніцтва ў барацьбе за мір, у справе абвяшчэння і абароны маральных каштоўнасцяў і кансалідацыі беларускага грамадства.
«Калі свет усё часцей сутыкаецца з вельмі небяспечнымі выклікамі часу, розныя веравызнанні павінны зрабіць усё магчымае, каб сумесна адказаць на іх. Гэта наш маральны і грамадзянскі абавязак», — падкрэсліў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.
Іерарх нагадаў, што Другі Ватыканскі Сабор у сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Дэкларацыі пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій заявіў пра сваю адкрытасць для дыялогу з прадстаўнікамі іншых рэлігій, у тым ліку ісламу. Яго падставаю, паводле вучэння Касцёла, становяцца праслаўленне Адзінага Бога, а таксама тое, што мусульмане лічаць Хрыста прарокам, ушаноўваюць Яго Маці Марыю і прызнаюць падобныя да хрысціянскіх маральныя каштоўнасці.
Як зазначыў арцыбіскуп, мэтаю дыялогу каталіцтва з ісламам паводле вучэння Касцёла з’яўляецца імкненне да ўзаемаразумення, сумесная абарона і падтрымка сацыяльнай справядлівасці, маральных каштоўнасцяў, міру і свабоды.
«У наш час усё больш людзей разумее, што для пераадолення негатыўных з’яваў сучасны свет мае патрэбу ў дыялогу і талерантнасці ў адносінах як паміж дзяржавамі, эканамічнымі сістэмамі і культурамі, так і паміж сусветнымі рэлігіямі», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што да супрацоўніцтва і дыялогу прадстаўнікоў розных рэлігій заклікаюць таксама сучасныя працэсы глабалізацыі.
На думку Старшыні ККББ, для дыялогу неабходна ўзаемная адкрытасць, павага да меркавання другога боку і адмаўленне ад манаполіі на праўду, якой валодае Стварыцель. Ён патрабуе цярплівасці, шчодрасці, добрай волі, павагі і сумленнасці ў адносінах да другога боку.
«Дыялог — гэта шанц для стварэння новых узаемаадносінаў, якія прывядуць да пашырэння супрацоўніцтва, якога так патрабуюць як самі рэлігіі, так і свет перад абліччам выклікаў сучаснасці, каб будаваць „цывілізацыю любові“», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Ён з задавальненнем адзначыў, што менавіта да такога дыялогу ў духу адкрытасці і талерантнасці выказваюць сваю гатоўнасць прадстаўнікі розных веравызнанняў у Беларусі.
«Гэта яскравае сведчанне агульнай адказнасці за лёс Бацькаўшчыны і імкнення агульнымі намаганнямі будаваць яе будучыню на прынцыпах узаемаразумення, павагі, дыялогу і талерантнасці. Гэта таксама добры прыклад для нашых вернікаў, які паказвае, што, нягледзячы на адрозненні, мы можам быць разам», — падкрэсліў на заканчэнне свайго выступу каталіцкі іерарх.