Пошук

26.09.2019 14:32   Тэкст: А. Раман Шульц ОР / Фота: з архіва аўтара / Catholic.by

21 верасня ў капліцы духоўнай семінарыі ва Улацлаўку (Польшча) пасвячэнне дыяканату прыняў брат Ян (Эдуард Сакалоўскі) — адзіны з Беларусі манах, які належыць да супольнасці братоў камедулаў, аднаго з самых суровых каталіцкіх ордэнаў у свеце.

Усяго ў свеце засталося толькі каля 60-і братоў камедулаў, якія жывуць у дзевяці кляштарах, што знаходзяцца ў Італіі, Іспаніі, ЗША, Калумбіі і Венесуэле. Два найбліжэйшыя да нас кляштары гэтага суровага манаскага ордэна знаходзяцца ў Польшчы, адзін з іх — у Бянішаве, каля Коніна.

Што прывяло брата Яна ў камедульскі кляштар у Бянішаве?

Эдуард Сакалоўскі нарадзіўся ў 1969 годзе ў Ваўкавыску.

Пасля таго, як яму ўдалося выжыць у вельмі сур’ёзнай аўтамабільнай аварыі, Эдуард адчуў вялікую любоў Бога і тое, што Ён падрыхтаваў яму асаблівае месца ў жыцці.

У пошуках свайго жыццёвага паклікання ў 2001 годзе мужчына трапіў у кляштар камедулаў у Бянішаве, які знаходзіцца непадалёк ад славутага польскага марыйнага санктуарыя ў Ліхэні.

Як выглядае жыццё ў адным з самых суровых манаскіх ордэнаў у свеце?

Камедулы распачынаюць дзень вельмі рана. Яна ўстаюць на малітву ў 3.45, а завяршаюць дзень малітвай у 19.30.

Штодзённа дзве гадзіны яны прысвячаюць чытанню Святога Пісання паводле старажытнага метаду Lectio Divina — адну гадзіну раніцай і адну гадзіну ўвечары.

Камедулы жывуць паводле манаскага Правіла святога Бэнэдыкта і ў адпаведнасці з суровымі патрабаваннямі пустэльніцкага жыцця па прыкладу святога Рамуальда.

Манахі гэтага ордэну служаць Касцёлу сваёй малітвай і працай. Яны не вядуць апостальскай дзейнасці і не выходзяць са сваіх кляштараў, акрамя выключных сітуацый. Кляштары камедулаў зазвычай будаваліся далёка ад чалавечага жылля, у цяжкадаступных мясцінах у гарах і пушчах. Нават пасля смерці цела спачылага манаха не пакідала кляштар. У Бянішаве памерлых братоў хаваюць у крыпце касцёла пры кляштары.

На тэрыторыі Беларусі ніколі не было камедульскіх кляштараў, але брат Ян моліцца аб тым, каб калісьці супольнасць іх старажытнага ордэна з’явілася таксама ў нашай краіне.

Звычайна на тэрыторыю камедульскага кляштару могуць уваходзіць толькі мужчыны. Выключэнне — святая Імша, якая цэлебруецца для ўсіх вернікаў у касцёле кляштара камедулаў у Бянішаве кожную нядзелю ў 10.30.

Малітва камедулаў — манахаў, асаблівым чынам з’яднаных з Богам, — мае выключную моц і эфектыўнасць.

Урачыстасць пасвячэння ў дыяканы

Перш чым прыняць сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату, брат Ян вывучаў філасофію і тэалогію ў духоўнай семінарыі. Сама ўрачыстасць пасвячэння адбылася ў старажытнай гатычнай капліцы пры семінарыі ва Улацлаўку.

Сакрамэнт пасвячэння брат Ян прыняў разам з яшчэ адным камедулам братам Аляксандрам, які ўжо шмат гадоў жыве ў камедульскім кляштары ў Італіі.

Ва ўрачыстасці бралі ўдзел госці з Беларусі, у тым ліку настаяцель Беларускай кустодыі Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў брат Алег Шэнда OFMCap, а таксама асобы і сем’і з Польшчы, за якіх моляцца браты камедулы.

Што брат Ян перадаў сваім суайчыннікам у Беларусі?

 

Брат Ян, як і ўсе камедулы, носіць белы манаскі габіт з белай шапачкай на абстрыжанай галаве. Уласцівы манахам звычай насіць бараду запазычылі ў іх таксама капуцыны.

У сваім штодзённым жыцці ў закрытым кляштары брат Ян даглядае пчолаў на манаскай пасецы, якая складаецца з больш як дзесяці вулляў. Мёд з камедульскай пасекі адзначаецца выключнай якасцю і чысцінёй. Яго можна набыць толькі ў кляштары.

«Маліцеся, маліцеся, маліцеся, — такі патройны заклік скіраваў суайчыннікам брат Ян, камедул з Беларусі, а таксама запэўніў у сваёй малітве: — Памятаю пра вас перад алтарамі Пана».

Абноўлена 26.09.2019 17:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця